Былому падпалкоўніку КДБ Аляксею Храловічу, асуджанаму за перадачу запісаў тэлефонных размоў прэс-сакратаркі Лукашэнкі Наталлі Эйсмант, дадалі яшчэ адзін год пазбаўлення волі.
Як паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна», у Магілёве супраць палітвязня разгледзелі новую крымінальную справу паводле артыкула аб злосным непадпарадкаванні адміністрацыі папраўчай установы. Цяпер агульны тэрмін яго зняволення складае 11 гадоў.
Аляксея Храловіча затрымалі ў сакавіку 2021 года. Праз год яго асудзілі на 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле абвінавачання ў здрадзе дзяржаве, аштрафавалі і пазбавілі звання падпалкоўніка.
Храловіч меў дачыненне да перадачы тэлеграм-каналу Nexta аўдыязапісаў размоў Наталлі Эйсмант з беларускімі чыноўнікамі. У іх абмяркоўваліся абставіны гібелі Рамана Бандарэнкі, які памёр 12 лістапада 2020 года пасля жорсткага збіцця ў Мінску.
У 2023 годзе Храловіча перавялі з калоніі на больш жорсткі турэмны рэжым у Магілёў. Менавіта там супраць яго распачалі новую крымінальную справу.
Сёння спаўняецца роўна шэсць гадоў з дня смерці Рамана Бандарэнкі, які стаў адным з сімвалаў пратэстаў супраць рэжыму Лукашэнкі.