Тэнісістку з Беларусі Арыну Сабаленку ўнеслі ў базу даных украінскага рэсурсу «Міратворац». Яе персанальныя звесткі з'явіліся там 14 лістапада пасля таго, як спартсменка апынулася ў цэнтры скандалу праз нецэнзурную лаянку падчас прайгранага матча з украінкай Элінай Світолінай на турніры WTA.
Відэа гэтага эпізоду разышлося па сацыяльных сетках. Пры гэтым, слоў Сабаленкі на запісе не чуваць, таксама невядома, да каго менавіта яна звярталася — паведамляе Люстэрка.
Стваральнікі «Міратворца» абвінавацілі тэнісістку ў распальванні міжнацыянальнай і міжканфесійнай варожасці, публічнай падтрымцы расійскай агрэсіі супраць Украіны і забойстваў грамадзян гэтай краіны, а таксама ва ўдзеле ў актах гуманітарнай агрэсіі супраць Украіны.
28-гадовая Сабаленка, другая ракетка свету, падчас выніковага матча турніру Жаночай тэніснай асацыяцыі супраць украінкі Эліны Світолінай вельмі рэзка і з выкарыстаннем ненарматыўнай лексікі выказалася пасля чарговага няўдалага розыгрышу.
Пасля матча Сабаленка пракаментавала свае паводзіны. Яна патлумачыла, што яе словы былі скіраваныя не да саперніцы, а да невялікай групы гледачоў, якія бурна радаваліся яе памылкам. У той момант, паводле тэнісісткі, яна не змагла стрымаць эмоцый.
Сайт «Міратворац» быў створаны ў 2014 годзе. Гэта ўкраінскі інтэрнэт-рэсурс, які змяшчае базу персанальных звестак людзей, што, на думку яго стваральнікаў, уяўляюць пагрозу нацыянальнай бяспецы Украіны. Афіцыйна сайт не мае дачынення да дзяржаўных структур Украіны.
Варта адзначыць, што ў чэрвені 2023 года на прэс-канферэнцыі пасля перамогі над Элінай Світолінай на «Ралан Гарос» Сабаленка заявіла, што больш не падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку.
Аднак у жніўні 2026 года падчас інтэрв'ю часопісу Time размова зайшла пра поўнамаштабнае расійскае ўварванне ва Украіну. Беларуская тэнісістка зноў заявіла, што ніхто не падтрымлівае вайны. Але на пытанне журналіста, ці падтрымлівае яна Аляксандра Лукашэнку, які з'яўляецца саюзнікам прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, Сабаленка адказала, што не хоча пра гэта гаварыць.
нг