Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Па даручэнні Лукашэнкі ў памежнай службе Беларусі пачалася раптоўная праверка боегатоўнасці

16.11.2026 12:00
Улады Беларусі падкрэсліваюць, што за гэты год праведзена маштабная праверка ўсіх структур ваеннай арганізацыі дзяржавы.
Беларуская мяжаФота: gpk.gov.by

У манеўраных групах тэрытарыяльных органаў Памежнай службы Беларусі пачалася раптоўная праверка боегатоўнасці. Аб гэтым журналістам паведаміў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі, перадае дзяржаўнае агенцтва «БЕЛТА».

— Асноўная ўвага нададзеная праверцы, верагодна, самых мабільных падраздзяленняў ведамства. Адначасова ва ўсіх групах і атрадах органаў памежнай службы прыведзены ў поўную баявую гатоўнасць манеўраныя групы, — сказаў Аляксандр Вальфовіч.

Паводле яго, былі вызначаны тэрміны гатоўнасці правяраемых падраздзяленняў. У прызначаны час будуць праведзены іх агляды, пасля чаго яны зробяць маршы.

— Для кожнай манеўранай групы вызначаны свой участак і працягласць маршу, у час якога на правяраемых будуць уздзейнічаць дыверсійна-разведвальныя групы ўмоўнага праціўніка. Пасля гэтага падраздзяленні выйдуць на ўчасткі мясцовасці і палігоны, дзе пройдуць кантрольныя заняткі. Будуць ацэнены агнявая, фізічная і тактычная падрыхтаванасць кожнага ваеннаслужачага. Вынікі праверкі будуць прааналізаваны і дакладзены кіраўніку дзяржавы, — адзначыў Вальфовіч.

Ён таксама звярнуў увагу на тое, што за гэты год праведзена маштабная праверка ўсіх структур ваеннай арганізацыі дзяржавы.

— Мы бачым, якая абстаноўка складваецца паблізу нашых межаў. Ад зладжанасці, прафесіяналізму, уменняў, навыкаў, дзеянняў органаў памежнай службы залежыць забеспячэнне нашай бяспекі, — падкрэсліў дзяржсакратар.

Старшыня ДПК Канстанцін Моластаў адзначыў, што за апошнія тры-чатыры гады манеўраныя групы пагранічных злучэнняў зрабілі вялікія крокі ва ўдасканаленні, укамплектаванні і падрыхтоўцы асабовага складу.

— Гэта праверка — магчымасць для нас праявіць сябе, паказаць сваю гатоўнасць, рашучасць да выканання задач па ахове дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь, — рэзюмаваў ён.

аз