Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Жанчыне далі пяць гадоў калоніі за арганізацыю культурнай прасторы ў Мінску

17.11.2026 11:02
Рэжым Лукашэнкі карае не толькі за пратэст або палітычную дзейнасць, але і за незалежную творчую ініцыятыву.
Кіраўніца творчай прасторы «Парасон» Інга Казючыц@viasna96

10 лістапада Мінскі гарадскі суд вынес прысуд палітзняволенай кіраўніцы творчай прасторы «Парасон» Інзе Казючыц. 60‑гадовую жанчыну асудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і штрафу ў памеры 2000 базавых велічыняў (сёння — 90000 рублёў), піша «Вясна».

«Парасон» (Parason) — незалежная творчая і культурна-адукацыйная прастора ў Мінску, якая займалася папулярызацыяй беларускай культуры і мовы. Там праводзілі курсы народных рамёстваў, лекцыі пра беларускую гісторыю, кіно і тэатр, майстар-класы, квізы і культурніцкія сустрэчы, імпрэзы, прысвечаныя беларускім традыцыям і фальклору.

13 лістапада стала вядома, што палітзняволенаму мастаку Алегу Ларычаву прысудзілі 7 гадоў калоніі. Ларычаў займаўся стрыт-артам. Гэта па яго ініцыятыве ў 2010‑х Мінск упрыгожылі многія муралы.

Хворага на дыябет мастака абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім) і 361-2 (фінансаванне экстрэмісцкага фармавання). Яму ў віну паставілі дачыненне да культурніцкай суполкі «Да зораў», а таксама да старой мемнай ініцыятывы «Вейшнорыя». За гэта 40‑гадоваму творцу прызначылі 7 гадоў калоніі і штраф у памеры адна тысяча базавых велічыняў.

Таксама разам з Алегам асудзілі 20‑гадовага Сямёна Малашэнкава, якога прызналі ўдзельнікам суполкі «Да зораў». Яму прызначылі 4 гады калоніі і штраф у памеры 500 базавых велічыняў.

Справы Інгі Казючыц, «Парасона», Ларычава і Малашэнкава паказваюць, што таталітарны лукашэнкаўскі рэжым стаў яшчэ больш рэпрэсіўным. Цяпер людзей асуджаюць да доўгіх тэрмінаў зняволення еават за культурніцкую дзейнасць.

Крыніца: «Наша Ніва»/ПЦ «Вясна»/юл