Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Польскія ўлады працягваюць меркаваць, што Беларусь выкарыстоўвае міграцыю як інструмент ціску

17.11.2026 14:36
Працягнута абмежаванне права падаваць заявы на міжнародную абарону на мяжы.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.dimitrisvetsikas1969/pixabay.com/CC0 Public Domain

Польшча яшчэ на 60 дзён працягнула абмежаванне права падаваць заявы на міжнародную абарону на мяжы з Беларуссю. Адпаведная пастанова ўступіла ў сілу ў аўторак. Гэта ўжо дзясятае падаўжэнне абмежавання, якое дзейнічае з сакавіка 2025 года.

За працяг абмежавання Сейм прагаласаваў 6 лістапада. Урад абгрунтаваў сваё рашэнне тым, што Беларусь па-ранейшаму выкарыстоўвае міграцыю як інструмент ціску на Польшчу. Паводле польскіх уладаў, беларускія службы ўдзельнічаюць у нападах на польскіх памежнікаў і вайскоўцаў, а таксама дапамагаюць арганізоўваць незаконнае перасячэнне мяжы.

З моманту ўвядзення абмежавання і да 15 кастрычніка гэтага года польскія памежнікі не прынялі заявы ад 496 замежнікаў. Пры гэтым магчымасць звярнуцца па міжнародную абарону захоўваецца для непаўналетніх без суправаджэння, цяжарных жанчын, людзей, якія маюць патрэбу ў асаблівым стаўленні, а таксама тых, каму пагражае рэальная небяспека ў краіне, адкуль яны прыбылі.

Супраць абмежавання выступаюць праваабарончыя арганізацыі. На іх думку, яно парушае Канстытуцыю Польшчы і міжнародныя абавязацельствы краіны, у тым ліку Жэнеўскую канвенцыю аб статусе ўцекачоў.

PAP/нг