Фонд паралімпійца Аляксея Талая аднаўляе будынак былой сядзібы ў Старабарысаве пад Барысавам, каб зрабіць у ім рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей, якія страцілі канечнасці, паведамляе Трыбуна са спасылкай на «Мінскую праўду».
Будынак плошчай больш за 800 квадратных метраў – былая амбулаторыя сядзібы, якая належала Радзівілам, а потым вялікім князям Раманавым. Ён доўга пуставаў. Цяпер там правялі першасныя супрацьаварыйныя работы, ідуць унутраныя работы, рэстаўрацыйны праект толькі рыхтуецца. Дзякуючы «падтрымцы з Расіі» фонд купіў суседні ўчастак з домам.
Паводле інфармацыі выдання, у цэнтры будуць праходзіць сацыяльную адаптацыю, прафарыентацыю і матывацыйную праграму беларускія дзеці з ампутацыямі пасля няшчасных выпадкаў або хранічных захворванняў, а таксама «дзеці з тэрыторый, дзе ідуць баявыя дзеянні». Выданне не ўдакладняе, пра якія тэрыторыі ідзе гаворка. Паводле ацэнкі «Радыё Свабода», у цэнтры плануюць рэабілітаваць украінскіх дзяцей з ампутацыямі з акупаваных Расіяй тэрыторый. «Радыё Свабода» таксама піша, што праз падобныя праекты фонд Талая займаецца мілітарызацыяй вывезеных з Украіны дзяцей.
Як піша «Мінская праўда», праект у 2023 годзе падтрымалі старшыня Савета Федэрацыі Расіі Валянціна Мацвіенка і «старшыня Савета Рэспублікі» Наталля Качанава. У снежні 2025 года Талай расказаў, што асабіста далажыў пра праект Уладзіміру Пуціну і той падтрымаў стварэнне «саюзнага рэабілітацыйнага цэнтра для дзяцей з мінна-выбуховымі траўмамі».
У снежні 2023 года сакратарыят упаўнаважанага Вярхоўнай рады Украіны па правах чалавека паведаміў, што дзейнасць Талая па перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый расследуецца ў межах крымінальнай справы аб парушэнні законаў і звычаяў вайны.
нг