У кастрычніку міжнародную абарону ў Польшчы атрымалі 22 грамадзян Беларусі, у той час як 58 беларусам было адмоўлена. Пра гэта сведчаць апошнія звесткі Упраўлення па справах замежнікаў. Колькасць адмоваў па-ранейшаму перавышае колькасць станоўчых рашэнняў, заўважыла Reform.news.
Згодна са справаздачай ведамства, у кастрычніку статус бежанца атрымалі 20 беларусаў, яшчэ двум была прадастаўлена дадатковая абарона. Разгляд часткі заяў быў спынены.
У параўнанні з папярэднімі месяцамі сітуацыя істотна не змянілася
У верасні станоўчых рашэнняў было 24, у жніўні — 36. Найменш міжнароднай абароны было прадастаўлена ў ліпені, калі станоўчы адказ атрымалі толькі 14 беларусаў, а адмоваў было амаль у шэсць разоў больш.
Агулам за дзесяць месяцаў гэтага года польскае Упраўленне па справах замежнікаў прадаставіла міжнародную абарону больш як 700 грамадзянам Беларусі. Пры гэтым звыш 300 чалавек атрымалі адмовы. Яшчэ больш за тры тысячы спраў беларускіх заяўнікаў застаюцца на разглядзе.
Паводле звестак ведамства, на 1 лістапада дакументы, якія даюць права на легальнае знаходжанне ў Польшчы, мелі амаль 128 тысяч грамадзян Беларусі. Большасць з іх карыстаецца дазволамі на часовае або сталае пражыванне.
За кастрычнік колькасць беларусаў з такімі дакументамі скарацілася амаль на дзве тысячы чалавек. Гэта можа быць звязана з заканчэннем тэрміну дзеяння дазволаў на пражыванне і працяглымі працэдурамі разгляду заяў на іх падаўжэнне.
Адначасова польскія ўлады працягваюць выдаваць беларусам дазволы на пражыванне і польскія праязныя дакументы. З пачатку года такія праязныя дакументы атрымалі больш за шэсць тысяч грамадзян Беларусі.
Беларусы могуць атрымаць польскі праязны дакумент у спрошчаным парадку, калі тэрмін дзеяння іх беларускага пашпарта заканчваецца, а вярнуцца на радзіму для яго замены па розных прычынах немагчыма.
Паводле прагнозаў Упраўлення па справах замежнікаў, да канца года колькасць выдадзеных беларусам польскіх праязных дакументаў можа перавысіць 7,6 тысячы.
яс