Лукашэнка даў зразумець амерыканцам, што палітычныя зняволеныя ў Беларусі — тавар, які далей яму спатрэбіцца ў геапалітычным гандлі. А пакуль Захад разважае пра правы чалавека, у Беларусі развіваюць вытворчасць з заходнім прысмакам.
Падчас нядаўняй нарады з суддзямі Аляксандр Лукашэнка паскардзіўся, што амерыканцы незадаволеныя затрыманнямі ў Беларусі. У Вашынгтоне, маўляў, западозрылі беларускія ўлады ў выкарыстанні людзей у якасці абменнага фонду для перамоваў з Захадам.
Лукашэнка даў зразумець: клопат пра правы чалавека — справа амерыканцаў, а клопат пра тое, каб турмы не пуставалі, — справа беларуская. Адмаўляцца ад правераных метадаў ён не збіраецца. Тым больш што 2020 год, як высветлілася, дагэтуль не дае дыктатару спакою.
Пасля размоваў пра турмы і законнасць Лукашэнка вырашыў пераключыцца на алей. Ён наведаў смаргонскі «Белагратэрмінал», дзе перапрацоўваюць алейныя культуры.
Прадпрыемства атрымала ад дыктатара незвычайны камплімент: «славянскае прадпрыемства з заходнім прысмакам». Відаць, заходні прысмак у беларускай эканоміцы вітаецца. Галоўнае, каб ён не перакінуўся на палітыку.
Лукашэнка нават абвясціў «Белагратэрмінал» узорам будучыні беларускай прамысловасці. Усё — паводле найлепшых славянскіх традыцый: з аднаго боку — перапрацоўка алейных культур, з другога — барацьба з іншадумствам.
юл