Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Беларусы ўшанавалі памяць палеглых добраахвотнікаў ва Украіне

20.11.2026 15:21
Памятная акцыя прайшла ў Львове. Беларуская дэлегацыя перажыла расійскі абстрэл гораду. 
Прадстаўнікі Офіса Святланы Ціханоўскай на могілках у Львове @tsikhanouskaya

Кіраўніца Місіі дэмакратычных сілаў Беларусі ва Украіне Вольга Зазулінская, дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька і дарадца па пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі ўшанавалі памяць беларускіх добраахвотнікаў Аляксея Лазарава і Пшэмыслава Расевіча-Кучынскага.

Аляксей Лазараў  — беларускі добраахвотнік, які з 2022 года ваяваў за Украіну. Удзельнічаў у абароне Кіева, вызваленні Херсоншчыны і Мікалаеўшчыны, баях на ўсходзе Украіны. Загінуў у студзені 2026 года.

Пшэмыслаў Расевіч-Кучынскі — паляк беларускага паходжання, ваяр Палка Каліноўскага. Загінуў у жніўні 2024 года.

Дарадца па пытаннях дыпламатыі Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі зазначыў, што місія дэмакратычных сіл палягае на тым, каб свет не забыў пра ахвярнасць беларускіх добраахвотнікаў.

— Вельмі цяжка стаяць сярод гэтых сцягоў і разумець, колькі тут страчаных жыццяў. І сярод іх — беларусы, якія пайшлі абараняць Украіну. Колькі людзей ужо ніколі не вернуцца дадому, не абдымуць сваіх родных, не ўбачаць сяброў. Асобная наша мэта, абавязак і місія — распавесці свету пра беларускіх добраахвотнікаў. Бо менавіта яны з’яўляюццам тварам той Беларусі, якая гатовая ахвяраваць жыццём дзеля свабоды іншых, з надзеяй, што некалі гэтая свабода прыйдзе на іх Радзіму.

Падчас візіту ў Львоў прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл трапілі пад расійскую паветраную атаку на горад. Дарадца па пытаннях дыпламатыі Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі запісаў відэа, у якім распавядае, як на асабістым досведзе адчуваецца ваенная рэальнасць украінцаў.

Каля шасці гадзін беспілотнікі ды крылатыя ракеты Калібр білі па інфраструктуры горада. Адзін з удараў прыйшоўся па чыгуначнай станцыі — у выніку загінулі два чалавекі, яшчэ як мінімум сямёра атрымалі раненні.

Крыніца: Светлана Тихановская/юл