Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Дзяніс Кучынскі: Беларусь павінна заставацца часткай усіх размоў пра еўрапейскую бяспеку

24.11.2026 09:32
Дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях дыпламатыі ўзяў удзел у сесіі Парламенцкай асамблеі НАТА ў Берліне.
Дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі@tsikhanouskaya

22–23 лістапада ў Берліне прайшла сесія Парламенцкай асамблеі НАТА. У ёй у якасці назіральніка ўзяў удзел дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі, які прыбыў у Германію пасля працоўнага візіту ва Украіну.

На палях сесіі Дзяніс Кучынскі сустрэўся з прэзідэнтам Асамблеі Маркушам Перэстрэлу, які завяршыў свой мандат, а таксама амерыканскім кангрэсменам Брэнданам Бойлам, якога абралі новым прэзідэнтам Асамблеі, і парламентарыямі Вялікабрытаніі, Польшчы, Германіі, Італіі, Венгрыі і іншых краін.

Падчас сустрэч абмяркоўвалася пытанне падтрымкі Украіны і бяспекі Беларусі ды рэгіёну. Дзяніс Кучынскі распавёў партнёрам пра масіраваную расійскую атаку, якую ён асабіста перажыў у Львове, і падкрэсліў неабходнасць узмацнення ўкраінскай супрацьпаветранай абароны. Таксама ён прапанаваў наладзіць сістэмнае супрацоўніцтва BELPOL з парламентарыямі краін НАТА, каб яны атрымлівалі актуальную інфармацыю пра сітуацыю ў Беларусі.

— Беларусь павінна заставацца часткай усіх размоў пра еўрапейскую бяспеку. Мы хочам, каб нашы партнёры мелі як мага больш дакладнай інфармацыі пра тое, што адбываецца ўнутры краіны, і разумелі: дэмакратычная Беларусь — гэта не пагроза, а будучы партнёр у забеспячэнні міру і стабільнасці ў нашым рэгіёне.

Адной з галоўных ініцыятыў Офісу Святланы Ціханоўскай на 2027-ы год стала прапанова стварыць у Парламенцкай асамблеі НАТА нефармальную міжфракцыйную парламенцкую групу «За дэмакратычную Беларусь« і правесці стратэгічную канферэнцыю ў Стакгольме з удзелам беларускіх дэмакратычных сіл і Паўночнай рады.

Крыніца: Светлана Тихановская/юл