Паводле апублікаванага ў сярэдзіне жніўня Шанхайскага спіса, 9 польскіх універсітэтаў увайшлі ў лік тысячы лепшых універсітэтаў свету. На гэты раз найлепшым польскім універсітэтам быў прызнаны Ягелонскі ўніверсітэт, які апынуўся ў чацвёртай сотні рэйтынгу. Варшаўскі ўніверсітэт знаходзіцца ў пятай сотні, паведамляе партал onet.pl.
Рэйтынг лепшых універсітэтаў у свеце (Academic Ranking of World Universities (ARWU)) таксама вядомы як Шанхайскі спіс, ён публікуецца з 2003 года. Спіс рыхтуе Універсітэт Цзяотунга ў Шанхаі.
У гэтым годзе лепшым універсітэтам у свеце быў абвешчаны, традыцыйна ўжо, амерыканскі Гарвард. Стэнфард быў адразу за ім, а на трэцім месцы апынуўся брытанскі Кембрыдж.
Найлепшым польскім універсітэтам, паводле рэйтынгу, з'яўляецца Ягелонскі ўніверсітэт, які заняў месца паміж 301 - 400. Кракаўскі ўніверсітэт вярнуўся ў чацвёртую сотню пасля трохгадовага зніжэння пазіцыі ў рэйтынгу.
У сваю чаргу месца ў пятай сотні заняў Варшаўскі ўніверсітэт (401-500 месцаў), які ў папярэднія гады займаў месца ў чацвёртай сотні.
У сёмай сотні апынуўся кракаўскі Горна-Мэталургічны ўніверсітэт, а ў восмай сотні: Універсітэт імя Адама Міцкевіча ў Познані і Медыцынскі ўніверсітэт у Варшаве. Далей ідуць Варшаўскі тэхналагічны ўніверсітэт (9-я сотня), а таксама Сілезскі медыцынскі ўніверсітэт, Універсітэт Мікалая Каперніка ў Торуні і Вроцлаўскі тэхналагічны ўніверсітэт (10-я сотня).
Шанхайскі рэйтынг грунтуецца на некалькіх паказчыках. Пад увагу бярэцца, між іншым, колькасць выпускнікоў і супрацоўнікаў, якія атрымалі Нобелеўскую прэмію, колькасць цытуемых навукоўцаў, колькасць публікацый у вядомых навуковых часопісах, паведамляе onet.pl.
аз