Беларуская Служба

На Мазурах пратэстуюць супраць будаўніцтва хуткаснай дарогі

19.08.2019 12:01
Мясцовыя жыхары асцерагаюцца, што неўзабаве Мазуры з краіны вялікіх азёраў могуць пераўтварыцца ў краіну вялікіх грузавікоў.
 -   -  .
Мазуры - рэгіён у паўночна-ўсходняй частцы Польшчы. Photo: lewickistudio/pixabay.com/CC0 Public Domain

Вядомы рэгіён Мазуры ў паўночна-ўсходняй частцы Польшчы неўзабаве з Краіны Вялікіх Азёр можа пераўтварыцца ў краіну вялікіх грузавікоў, паведамляе „Gazeta Wyborcza”.

З Мрангова (Mrągowo) на захадзе Варміньска-Мазурскага ваяводства да Элку (Ełk) – на ўсходзе, вядзе 90 кіламетровая дарога S16. Яна віецца паміж мазурскімі азёрамі і пагоркамі. Дарожнікі вырашылі, што ейны рамонт будзе недастатковым і плануюць пабудаваць новую трасу.

Гэта будзе ўжо зусім іншая дарога – замест паваротаў і алеяў дрэў узнікне шырокая, хуткасная траса.

Тым часам участак ад Мрангова да Элку - гэта сэрца Мазураў і найбольш каштоўная прыродная тэрыторыя рэгіёну. Таму вызначэнне новай трасы немагчыма без нанясення незваротных шкодаў навакольнай прыродзе.

Дарожнікі гэта разумеюць, таму калі ў 2008 годзе ўзнік папярэдні праект, яны падрыхтавалі некалькі дзясяткаў варыянтаў новай трасы. Аднак ніводнага ідэальнага.

Найноўшы канфлікт вакол планаванай трасы ўзнік 1 красавіка бягучага году, калі пачаўся цыкл кансультацыяў з жыхарамі гмінаў, праз якія новая S16 павінна праходзіць. Мясцовых жыхароў усхваляваў факт, што з часу, калі гэтае пытанне абмяркоўвалася апошні раз, то бок 8 гадоў таму, нічога не памянялася. Інвестыцыйныя планы надалей зводзяцца да трох прапановаў, якія адрозніваюцца паміж сабой толькі нязначна.

Праціўнікі будаўніцтва новай трасы запэўніваюць, што яны не супраць больш камфортнай і бяспечнай дарогі. Яны пагаджаюцца на рамонт старой трасы. У сваю чаргу лічаць, што новая хуткасная шаша павінна праходзіць па перыферыі Мазураў, так , каб не знішчыць найбольш каштоўных земляў, паведамляе „Gazeta Wyborcza”.

аз