Першая лэдзі Польшчы Агата Карнхаўзэр-Дуда (Agata Kornhauser-Duda) заклікае жыхароў краіны ўдзельнічаць у аўкцыёне ў рамках дабрачыннай акцыі Першай праграмы Польскага радыё пад назваю «Ялінкі Адзінкі». У будынку Польскага радыё жонка прэзідэнта сустрэлася з сябрамі Першай праграмы, якія малююць карціны пад назваю «Таямніцы Божага нараджэння».
Свае працы на аўкцыён рыхтуюць, між іншым, акторка Анна Юрштовіч і кампазітар Кшэсімір Дэмбскі, музыкантка Раксана Вэнгель, прафесар медыцыны Генрык Скаржыньскі, музыкант Станіслаў Сойка ды іншыя вядомыя асобы.
Па словах Агаты Карнхаўзэр-Дуды, «Ялінкі Адзінкі» – гэта адна з яе самых любімых дабрачынных акцый.
- Гэтая акцыя стартуе тады, калі пачынаецца таксама Адвент. Для мяне гэта сігнал, што прыйшоў выключны час падрыхтоўкі да святаў Божага нараджэння. Несумненна, што перадсвяточны перыяд і самі калядныя святы маюць у сабе асаблівую магію, дзякуючы якой хаця б на хвілінку супакойваюцца розныя спрэчкі, мы хочам быць разам, а таксама дзейнічаць у карысць іншых людзей.
Жонка прэзідэнта падрыхтавала таксама ўласныя работы на аўкцыён. З заўтрашняга дня працы трапяць на аўкцыён, які будзе адбывацца ў эфіры Першай праграмы Польскага радыё. Сабраныя грошы будуць прызначаныя на дапамогу падапечным фундацыі «Нягледзячы на ўсё» і «Супольнасць надзеі».
Сёлетняя акцыя адбываецца ўжо васямнаццаты раз. Кожны год у ёй удзельнічаюць розныя вядомыя ў Польшчы асобы.
ІАР ПР/нг