На пачатку верасня 1992 года Польшчу скалыхнула жахлівае навіна – у сваім доме, на ўскраінах Варшавы ў раёне Анін быў крывава забіты прэм’ер ураду Польскай Народнай Рэспублікі ў 1970-80 гадах Пётр Ярашэвіч і яго жонка Аліцыя. Пачаткова лічылася, што Ярашэвіч быў забіты праз яго патаемны архіў, які мог нашкодзіць многім тагачасным палітыкам, піша Gazeta Wyborcza.
Больш чым праз 25 гадоў пасля таямнічага забойства прэм’ера польскія сілавікі праўдападобна раскрылі адну з самых патаемных справаў у найноўшай гісторыі Польшчы.
Кіраўнік Акружной пракуратуры Кракава Рафал Бабіньскі, які кіруе следствам па справе забойства былога прэм’ера і яго жонкі паведаміў, што сабраныя доказы, дзякуючы якім высветленыя асобы забойцаў.
Меркаванымі забойцамі былі Роберт С., Марцін Б., і Дарʼюш С. – чальцы так званай «банды каратыстаў» з гораду Радом. «Банда каратыстаў» – гэта адна з самых брутальных злачынных груповак, якая дзейнічала ў Польшчы ў 1990-ыя гады. «Каратысты» спецыялізаваліся на рабунках і выкраданнях заможных людзей.
Выкрыць увесь ланцуг замешаных у забойства дапамагло следства па іншай справе. Фігуруючы ў справе выкраданняў дзеля выкупу ў Малапольшчы, адзін з падазраваных пайшоў на супрацу са следствам і прызнаўся, што ўдзельнічаў у забойстве прэм’ера Ярашэвіча і яго жонкі.
Ім аказаўся Дарʼюш С. Распрацоўваючы Дарʼюша С., следства выйшла і на Марціна Б., які даў падобныя паказанні. Ён быў затрыманы. У рэшце рэшты была выяўленая роля Роберта С., які ўжо адбывае 25-гадовы турэмны тэрмін.
Толькі пасля больш чым 25 гадоў з моманту забойства следства змагло выйсці на след злачынцаў і дакладна высветліць, што адбылося ў падваршаўскім Анінене ў ноч з 31 жніўня на 1 верасня 1992 года. Забойцы былога прэм’ера ПНР Пятра Ярашэвіча і яго жонкі былі вельмі добра падрыхтаваныя, на месцы злачынства яны не пакінулі аніякіх слядоў.
Зараз усе спекуляцыі аб палітычных матывах забойства вядомага палітыка могуць быць скончаныя. 19 снежня пракуратура накіравала абвінавачванні ў Акружны суд Гданьску. Пра раскрыццё забойства Пятра Ярашэвіча і яго жонкі пісала Gazeta Wyborcza.
эж