Уначы з 9 на 10 лютага 1940 года ўлады Савецкага Саюза правялі першую з чатырох масавых дэпартацый палякаў. 140 тысяч жыхароў Заходняй Беларусі ды Заходняй Украіны ў нялюдскіх умовах вывозіліся ў паўночныя раёны Расіі, у Сібір і Казахстан. Дэпартаваныя паміралі ад голаду, холаду, хвароб, галечы ды катаржнай працы.
Дэпартацыя закранула, перадусім, дзяржаўных чыноўнікаў Польшчы, суддзяў, паліцэйскіх, ляснічых, вайскоўцаў і землеўладальнікаў. Першая масавая дэпартацыя, арганізаваная НКУС СССР, праходзіла ва ўмовах, якія для многіх азначалі смяротны прысуд. Стаялі 40-градусныя маразы, на зборы людзям давалі менш за гадзіну, не дазваляючы ўзяць нават самае неабходнае.
Ахвяра сталінскіх рэпрэсій Міхал Цыдзік (Michał Cydzik) узгадвае жахлівыя ўмовы дэпартацыі (запіс 2019 года):
-Недзе ў 2-3 гадзіны ночы ўламаліся ў дзверы і вырвалі нас са сну. Далі 15 хвілінаў, каб сабраць свае рэчы. Запхалі 35 чалавек у маленькі быдляцкі вагон і так мы ехалі. Дзверы былі зачыненыя, на вокнах краты. Дзірка ў падлозе была нашай прыбіральняй. Калі нехта паміраў у дарозе, яго проста выкідвалі з вагону.
Мэтай чатырох дэпартацый палякаў была так званая дэпаланізацыя і саветызацыя насельніцтва Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, якія ўвайшлі ў склад Савецкага Саюза 17 верасня 1939 года. Паводле спісаў НКУС, агульная колькасць дэпартаваных склала каля 320 тысяч чалавек. Аднак гісторыкі лічаць, што гэтая лічба дасягае 800 тысяч.
IAR/эж