Беларуская Служба

Урад Польшчы зацікаўлены ў прававым рэгуляванні сацсетак

11.02.2020 13:30
Міністр лічбавых тэхналогій заявіў, што неабходна дакладна акрэсліць, хто з'яўляецца ўладальнікам асабістых дадзеных карыстальнікаў сацсетак.
Marek Zagórski, sekretarz stanu w KPRM
Marek Zagórski, sekretarz stanu w KPRMPolskie Radio

Міністр лічбавых тэхналогій Польшчы Марэк Загурскі (Marek Zagórski) заявіў у эфіры Першай праграмы Польскага радыё, што дзейнасць сацыяльных сетак павінна рэгулявацца нарматыўна-прававымі актамі, а не выключна ўнутранымі статутамі.
Міністр Марэк Загурскі ўдакладніў, што дзейнасць новых медыя павінен рэгуляваць Кодэкс лічбавых паслуг, над якім зараз працуе Еўрапейская Камісія:

-Там, сярод іншага, акрэслена роля карыстальнікаў. Напрыклад, мы з’яўляемся чальцом гэтага клубу, ці ўсё ж такі мы спажыўцы? Спажывец мае свае правы. Калі паслуга бясплатная, гэта не азначае, што яна перастае быць паслугай.

Міністр лічбавых тэхналогій дадаў, што неабходна дакладна акрэсліць, хто з'яўляецца ўладальнікам асабістых дадзеных карыстальнікаў сацыяльных сетак.

Цяперака функцыянаванне сацыяльных сетак на ўзроўні Еўрапейскага Звязу рэгулюецца Дырэктывай аб электроннай камерцыі 2000 года. Паводле Еўракамісіі, развіццё інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій вымушае перагледзець адпаведнае заканадаўства.

IAR/эж