Прэс-сакратар урада Польшчы Пётр Мюлер (Piotr Müller) заявіў, што Варшава чакае адказу расійскіх уладаў з нагоды мерапрыемстваў, прысвечаных гадавінам Катынскага злачынства і катастрофы прэзідэнцкага самалёта Ту-154М.
Мюлер нагадаў, што Польшча накіравала расійскаму ўраду ноту, у якой Варшава выказвае жаданне арганізаваць 10 красавіка памятныя мерапрыемствы ў Катыні і Смаленску. Пётр Мюлер пераконваў, што Польшча гатова самастойна зладзіць жалобную ўрачыстасць:
-Давайце не будзем забываць пра тое, што гэта дыпламатычнае пытанне, я маю на ўвазе, што гэта дыпламатычная працэдура, таму адказ не павінен быць прадстаўлены на працягу аднаго-двух дзён. Фармальна пытанне ўжо было накіравана.
Прэсавы сакратар польскага ўрада ўдакладніў, што пакуль няма рашэння датычна праграмы візіту. У першай палове сакавіка ўжо павінны быць вырашаны асноўныя пытанні арганізацыі памятных урачыстасцяў у Смаленскай вобласці Расіі.
Нагадаем, 10 красавіка 2010 года пад Смаленскам у авіякатастрофе польскага ўрадавага самалёта Ту-154М загінула 96 чалавек. Сярод загінулых – прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі і яго жонка Марыя. Урадавая дэлегацыя накіроўвалася ў Смаленскую вобласць, каб аддаць даніну пашаны ахвярам Катынскай трагедыі.
IAR/эж