Польскі ўрад прызначыць 100 млн. злотых (звыш 25,5 млн. долараў ЗША) на дапамогу шпіталям, каб яны маглі падрыхтавацца да прыёму патэнцыйных пацыентаў з каронавірусам. Пра гэта паведаміў кіраўнік Канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы Міхал Дворчык.
Рашэнне было прынята ў пятніцу на сустрэчы з ваяводамі. Спатканне было прысвечана пытанню новай каронавіруснай інфекцыі ў Еўропе.
- Прэм’ер-міністр выдзеліў 100 млн. злотых. Грошы змогуць атрымаць у экстранным парадку бальніцы пры пасярэдніцтве ваяводаў. Гэтыя сродкі шпіталі могуць прызначыць на падрыхтоўку да прыняцця патэнцыйных пацыентаў, у якіх будзе выяўлены каронавірус. Таксама было прынятае рашэнне адправіць урадавы самалёт па 30 тыс. дыягнастычных тэстаў, пры дапамозе якіх можна будзе праверыць, ці нехта хварэе на каронавірус.
Міхал Дворчык нагадаў, што ў Польшчы дагэтуль не выяўлены ніводзін выпадак захворвання на новы каронавірус.
ІАР ПР/нг