Кіраўнік польскага ўраду Матэвуш Маравецкі з парламенцкай моўніцы паведаміў, што прапанаваў краінам-чальцам Вышаградскай групы (апроч Польшчы ў яе ўваходзяць: Вугоршчына, Славаччына ды Чэхія) правесці нараду з нагоды распаўсюджвання каронавіруса. Прэм'ер-міністр Маравецкі падчас надзвычайнага пасяджэння Сейму запэўніў, што ўрад ставіцца да гэтага пытання надзвычай сурʼёзна:
-Сёння раніцай размаўляў з прэм’ерам Андрэем Бабішам і высветлілася, што ў Чэхіі ўжо зафіксаваныя тры першыя выпадкі захворвання на каронавірус. Надзвычай высокая, нават пэўная, верагоднасць таго, што аналагічныя выпадкі хутка з’явяцца ў Польшчы.
Прэмʼер нагадаў, што міністр аховы здароўя Польшчы Лукаш Шумоўскі першым падаў заяўку на скліканне Рады Еўрапейскага Звязу па пытанню каронавіруса. Матэвуш Маравецкі дадаў, што ў Еўропе ёсць толькі сем краін, у якіх яшчэ не зарэгістравана ніводнага выпадку каронавіруса, і сярод іх Польшча.
2 сакавіка ў Сейме праходзіць пазачарговае пасяджэнне, прысвечанае праекту спецыяльнага закону, накіраванага на барацьбу з распаўсюджваннем кітайскага патагену.
Цяпер праз падазрэнні на каронавірусную інфекцыю ў Польшчы шпіталізаваны 121 чалавек, 237 змешчаныя на хатні каранцін і больш за 3600 знаходзяцца пад эпідэміялагічным наглядам. У свеце налічваецца ўжо больш за 87 тысяч хворых. Часцей за ўсё хварэюць пажылыя людзі, вельмі рэдка дзеці.
IAR/эж