Беларуская Служба

Кшыштаф Пэндэрэцкі будзе пахаваны ў Нацыянальным пантэоне ў касцёле Святых Пятра і Паўла ў Кракаве

30.03.2020 16:55
Урачыстая пахавальная цырымонія адбудзецца пасля заканчэння абмежаванняў, звязаных з эпідэміяй каранавірусу.
.
К. ПэндэрэцкіPAP/EPA/DIEGO AZUBEL

Выбітны польскі кампазітар Кшыштаф Пэндэрэцкі будзе пахаваны ў Нацыянальным пантэоне ў падзямеллі касцёла Святых Пятра і Паўла ў Кракаве – паінфармаваў старшыня Рады фонду «Нацыянальны пантэон», прафесар Францішак Зейка.

Ён адзначыў, што ўрачыстая пахавальная цырымонія адбудзецца пасля заканчэння абмежаванняў, звязаных з эпідэміяй каранавірусу:

- Чакаючы гэтага моманту цела кампазітара будзе крэмаванае. Мы арганізуем урачыстасць у адпаведным моманце, як толькі гэта будзе магчымым. Каб як мага большая колькасць чалавек магла аддаць пашану самаму выбітнаму ў цяперашнім часе польскаму кампазітару.

На міжнароднай арэне Кшыштаф Пэндэрэцкі ўпершыню з'явіўся ў 1959 годзе на фестывалі «Варшаўская восень». Да ліку ўзнагароджаных твораў мастака адносяцца сярод іншага «Строфы», «Эманацыі», «Псалмы Давіда», напісаныя для змешанага хору, струнных інструментаў і ўдарных. Яго кампазіцыя «Строфы» стала першай, якую пачалі выконваць ва ўсёй Еўропе.

Кшыштаф Пэндэрэцкі за сваю творчасць быў уганараваны прэстыжнымі нацыянальнымі і замежнымі ўзнагародамі, у тым ліку кампазітар быў пяціразовым уладальнікам Прэміі Грэмі. Кавалер Ордэну Белага Арла, Кшыштаф Пэндэрэцкі, памёр у нядзелю ў Кракаве пасля цяжкой хваробы. Яму было 86 гадоў.

ав