Сігнал пра мужчыну, які насіў ваенную форму Узброеных сілаў Украіны і захоўваў зброю, атрымалі паліцыянты ў Познані. Пра гэта паведамляе Upmp.news. Спачатку да тамтэйшай паліцыі паступіла інфармацыя, што паблізу гораду жыве чалавек, які выдае сябе за ўкраінскага генерала і можа мець нелегальную зброю.
Праваахоўнікі абшукалі дом непадалёк Познані, у якім пражываў мужчына. Там знайшлі больш за 20 адзінак зброі: пісталеты, карабіны, патроны, а таксама высакаякасныя муляжы баявых гранат. Акрамя таго, знайшлі дакументы, выдадзеныя рознымі дзяржаўнымі ўстановамі Украіны.
Самога мужчыны на момант ператрусу дома не было. Яго затрымалі пазней у горадзе Казімеж Дольны над Віслай, што ў Люблінскім ваяводстве). На момант затрымання ён быў апрануты ў ваенную форму Узброеных сілаў Украіны.
Яму прад'явілі абвінавачанні ў нелегальным захоўванні зброі, таксама затрыманы падазраецца ў сямейным гвалце. Суд у Познані арыштаваў грамадзяніна Украіны на 3 месяцы.
эж