Беларуская Служба

Польскія ўлады задумоўваюцца, ці не вярнуцца да абмежавальных мер

10.05.2020 14:56
Гаворка ідзе пра Сілезію, якая стала эпіцэнтрам каранавіруса ў краіне.
Ілюстрацыйны здымакфота: PAP/Tytus Żmijewski

Нядаўна польскія ўлады пачалі асцярожна здымаць некаторыя абмежаванні, уведзеныя ў сувязі з пандэміяй каранавіруса. Тым не менш, колькасць заражаных увесь час расце, цяпер Сілезія – рэгіён на поўдні краіны – стала эпіцэнтрам заразы ў Польшчы. Міністэрства аховы здароўя мяркуе, ці не вярнуцца ў Сілезіі да некаторых адмененых мераў. Сёння раніцай стала вядома, што ў Сілезіі зафіксавана амаль палова з усіх выпадкаў хваробы, пра якія мінздароўя паведаміла ў нядзелю (76 са 170).

Па словах віцэ-міністра аховы здароўя Вальдэмара Краскі, гэта пакуль што ўступная прапанова.

- Напрыклад, моладзь ад 13 да 18 гадоў цяпер можа выйсці з дому без суправаджэння дарослых. Мы ведаем, што ў Сілезіі такой моладзі вельмі шмат, таму мы можам адмяніць гэты дазвол, каб моладзь не магла сама выхадзіць. Аднак мы разлічваем на тое, што ў бліжэйшыя дні ўдасца ўзяць сітуацыю пад кантроль і не трэба будзе вяртацца да абмежаванняў.

Па інфармацыі міністра, у большасць хворых на КОВІД-19 у Сілезіі – гэта шахцёры. Учора 2800 шахцёраў ды іх блізкіх прайшлі тэсты на каранавірус.

ІАР/нг