Беларуская Служба

Польскі бізнес просіць урад цалкам запусціць эканоміку да 1 ліпеня

11.05.2020 15:01
Польшча 4 мая адкрыла гандлёвыя цэнтры і гасцініцы, некаторыя іншыя абʼекты гандлю і паслугаў.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneShutterstock.com/content_creator

Упаўнаважаны па справах малых і сярэдніх фірмаў пры прэм'ер-міністры Польшчы Адам Абрамовіч звярнуўся да кіраўніка ўраду краіны з просьбай цалкам запусціць польскую эканоміку не пазней за 1 ліпеня. Амаль 120 арганізацый прадпрымальнікаў падпісалі адпаведны зварот, накіраваны да ўлад Польшчы.

Прадстаўнікі бізнесу хочуць ведаць, колькі яшчэ часу вымушаныя будуць прастойваць іх фірмы. Без гэтага яны не змогуць ацаніць, ці могуць далей займацца прадпрымальніцтвам.

Адам Абрамовіч, звяртаючыся з просьбай да прэмʼер-міністра, датычнай адкрыцця эканомікі, спаслаўся на мадэль Чэхіі, Аўстрыі і Даніі, якія ўжо пачалі ісці па шляху сістэматычнага вяртання да штодзённай эканамічнай рэчаіснасці.

Польшча 4 мая адкрыла гандлёвыя цэнтры і гасцініцы, некаторыя іншыя абʼекты гандлю і паслугаў. Надалей закрыты шэраг устаноў, напрыклад, цырульні і касметычныя кабінеты, а пункты грамадскага харчавання могуць працаваць толькі па формуле «на вынас».

вс