Беларуская Служба

Найбуйнейшая польская апазіцыйная партыя высунула мэра Варшавы новым кандыдатам у прэзідэнты

15.05.2020 18:23
Раней аб сваёй адмове балатавацца на пасаду кіраўніка краіны заявіла Малгажата Кідава-Блоньска.
Рафал ТшаскоўскіPAP/Tomasz Gzell

Найбуйнейшая польская апазіцыйная партыя, права-цэнтрыская «Грамадзянская платформа» высунула мэра Варшавы Рафала Тшаскоўскага новым кандыдатам у прэзідэнты. Раней аб сваёй адмове балатавацца на пасаду кіраўніка краіны заявіла Малгажата Кідава-Блоньска.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, які з'яўляецца кандыдатам кіруючай у Польшчы кансерватыўна-каталіцкай партыі «Права і справядлівасць» на другі прэзідэнцкі тэрмін і адначасова фаварытам перадвыбарчай гонкі, падзякаваў Малгажаце Кідаве-Блоньскай за культурнае суперніцтва ў перадвыбарчай кампаніі. Ён таксама пажадаў поспеху ў далейшай працы на карысць Польшчы.

Для ўдзелу ў выбарах новы кандыдат ад «Грамадзянскай кааліцыі», якая абʼядноўвае «Грамадзянскую платформу» і некалькі меншых апазіцыйных партый, павінен будзе сабраць 100 тыс. подпісаў у сваю падтрымку.

Рафалу Тшаскоўскаму 48 гадоў. Нарадзіўся ў Варшаве, закончыў міжнародныя адносіны ў сталічным універсітэце. Мае навуковую ступень кандыдата гуманітарных навук. Быў дэпутатам Еўрапарламента і Сейма Польшчы, займаў пасаду міністра адміністрацыі і лічбавых тэхналогій РП.
Намеснік старшыні Еўрапейскай народнай партыі (Брусель). У 2018 годзе ў першым туры выйграў выбары на пасаду мэра Варшавы.

Жанаты, двое дзяцей.

вс