Беларуская Служба

Бальцаровіч: Для паляпшэння фінансаў польскай дзяржавы неабходныя рашучыя дзеянні

28.04.2026 09:58
Лешак Бальцaровіч распрацаваў і рэалізоўваў пакет эканамічных рэформаў у Польшчы падчас палітычнай трансфармацыі краіны ў дзевяностыя гады ХХ ст.
Прафесар Лешак Бальцаровіч Polskie Radio PR3

Былы віцэ-прэм'ер і міністр фінансаў, прафесар Лешак Бальцаровіч, лічыць, што для паляпшэння фінансаў польскай дзяржавы неабходныя рашучыя дзеянні. Без гэтага, на яго думку, Польшчы пагражае эканамічны крызіс.
Прафесар Лешак Бальцаровіч заявіў, што, хоць Польшча ў цяперашні час зʼяўляецца адным з лідараў сярод еўрапейскіх развіваючыхся краін, адсутнасць рэформаў пагражае запаволіць эканамічны рост і прывесці да рэцэсіі. Эканаміст таксама падкрэсліў, што пагрозы нельга ігнараваць, нават калі рэформы апынуцца надзвычай складанымі.

— У нас рэкордны бюджэтны дэфіцыт. Польшча — лідар па дзяржаўных расходах, асабліва вялікія ў нас сацыяльныя выдаткі. Сярод еўрапейскіх краін у нас, падобна як у Турцыі, найбольшая доля дзяржаўнай уласнасці, гэта значыць, што гэтыя прадпрыемствы знаходзяцца пад палітычным кантролем. Гэта не ёсць рэцэпт поспеху. Наша краіна павінна завяршыць прыватызацыю эканомікі і аднавіць дзяржаўныя фінансы. Мы павінны вырашаць гэтыя складаныя задачы, бо альтэрнатывай зʼяўляецца крызіс.

Аўтар так званага «плана Бальцаровіча» казаў пра гэта на Еўрапейскім эканамічным кангрэсе ў Катавіцах, які адбыўся на мінулым тыдні.

Лешак Бальцaровіч распрацаваў і рэалізоўваў пакет эканамічных рэформаў у Польшчы падчас палітычнай трансфармацыі краіны ў дзевяностыя гады ХХ ст.

«План Бальцаровіча» — гэта пакет законаў, якія рэфармавалі польскую эканоміку з цэнтральнакіраванай у рынкавую. Яго асноўнымі мэтамі былі хуткая прыватызацыя, лібералізацыя цэн, стрымліванне гіперінфляцыі і выхад на знешнія рынкі. Нягледзячы на тое, што «План Бальцаровіча» выклікаў рост беспрацоўя і зніжэнне ўзроўню жыцця палякаў, ён стабілізаваў фінансы дзяржавы і дазволіў доўгатэрміновае развіццё краіны.

IAR/яс

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі