Беларуская Служба

Людзі, якія перахварэлі COVID-19, здаюць плазму

24.05.2020 13:41
Плазма выкарыстоўваецца ў тэрапіі ковідных хворых.
Ілюстрацыйны здымакфота: PAP/Wojtek Jargiło

Звыш 30 асоб, якія перахварэлі COVID-19, здалі плазму ў Люблінскім цэнтры донарства і лячэння крывёй. Плазма выкарыстоўваецца ў тэрапіі ковідных хворых. Агулам плазму здалі 33 асобы, дзякуючы чаму рэгіён заняў другое месца ў краіне. Больш плазмы здалі толькі жыхары Беластока і ваколіцаў.

«Некаторыя асобы, якія перахварэлі, здаюць плазму два разы і больш, за што вялізнае ім дзякуй», – адзначыла дырэктар Цэнтра донарства і лячэння крывёй у Любліне доктар Эльжбета Пуач.

- Тым больш, што цяпер у кампаніі BioMed ужо пачынаецца выдзяленне фракцыі імунаглабулінаў супраць інфекцыі новай пнеўманіі. Яны таксама выдзяляюцца з плазмы перахварэўшых людзей. Таму мы заклікаем усіх, хто выздаравеў – каб яны звярталіся да нас і здавалі плазму. Імунаглабуліны будуць лякарствам у выпадку вяртання пандэміі, а таксама ў тэрапіі вельмі цяжка хворых, калі адной плазмы недастаткова. Лек, які робіцца з плазмы, больш паспяхова будзе змагацца з вірусам.

Здаць плазму можа чалавек, які перахварэў каранавірусную інфекцыю або быў заражаны без сімптомаў. Акрамя таго, у яго павінны быць два негатыўныя вынікі тэстаў на вірус SARS-CoV-2. Донар плазмы павінен адказваць тым жа патрабаванням, што і донар крыві – быць у добрым стане здароўя, ва ўзросце ад 18 да 60 гадоў.

ІАР ПР/нг