Беларуская Служба

Польскі ўладальнік беларускага «Ідэя Банка» думае аб яго продажы

09.07.2020 18:09
Польская кампанія таксама паведамляе, што патэнцыйныя пакупнікі змогуць правесці праверку фінансавага становішча беларускага банка.
Rubel białoruski
Rubel białoruski Shutterstock.com

Польскі Getin Holding, які валодае беларускім «Ідэя Банкам», разглядае прапановы аб продажы даччынага банка ў Беларусі, паведамляе партал naviny.by.

Як сказана ў паведамленні польскай кампаніі, атрыманыя дзве неабавязковыя прапановы аб продажы акцый «Ідэя Банка», акцыянеры ўступілі ў адпаведныя перамовы.

Польская кампанія таксама паведамляе, што патэнцыйныя пакупнікі змогуць правесці праверку фінансавага становішча беларускага банка, і пасля гэтага могуць быць вызначаны ўмовы здзелкі.

Аб наступных этапах здзелкі па продажы акцый беларускага банка Getin Holding мае намер інфармаваць за пасярэдніцтвам афіцыйных паведамленняў, гаворыцца ў прэс-рэлізе, які апублікаваны на сайце кампаніі.

Нагадаем, польскі фінансавы холдынг Getin Holding S.A. купіў 75% акцый беларускага «Самбелбанка» у 2008 годзе. У 2013 годзе «Самбелбанк» быў перайменаваны ў «Ідэя Банк» (Idea Bank). На той момант пад гэтым брэндам банкі групы Getin Holding працавалі ў Польшчы і Украіне.

У 2014 годзе тагачасны намеснік старшыні праўлення Getin Holding Рафал Юшчак заяўляў, што «мы вельмі верым у Беларусь« і што польскі холдынг разглядае Беларусь з пункту гледжання «доўгіх» інвестыцый.

«Для нас гэта вельмі цікавая краіна, асабліва сёння, калі мы бачым, што адбываецца ў Расіі і Украіне. У Беларусі мы працуем не першы год і глядзім на гэтую краіну не як кароткатэрміновы інвестар, а як «доўгі» інвестар», – адзначаў Юшчак.

На дадзены момант польскаму Getin Holding належыць амаль 100% беларускага «Ідэя Банка», паведамляецца на сайце крэдытнай арганізацыі.

вс