Беларуская Служба

Міністр замежных спраў Польшчы сустрэўся з Цапкаламі

19.08.2020 20:31
Валерый і Вераніка Цапкалы падзякавалі Польшчы за падтрымку грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.
     .
Міністр замежных спраў Польшчы Яцэк Чапутовіч.Gints Ivuskans / Shutterstock.com

Міністр замежных спраў Яцэк Чапутовіч прыняў беларускіх апазіцыйных актывістаў Валерыя і Вераніку Цапкалаў, якія знаходзяцца ў Польшчы.

Міністэрства заяўляе, што „сустрэча міністра Яцэка Чапутовіча стала выразам падтрымкі грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, якая падчас выбарчай кампаніі і пасля яе заканчэння патрабуе павагі да грамадзянскіх свабод, правоў чалавека і правядзення паўторных выбараў прэзідэнта, паколькі апошнія не адпавядалі дэмакратычным стандартам, а іх легітымнасць ставіцца пад сумнеў”.

„Цяпер асноўнай справай з'яўляецца распачацце рэальнага дыялогу паміж беларускімі ўладамі і прадстаўнікамі шырокага беларускага грамадства для вырашэння цяперашняга, глыбокага палітычнага крызісу ў краіне”, - заявіў кіраўнік польскай дыпламатыі, якога ў прэс-рэлізе цытуе Міністэрства замежных спраў.

„Пажаданым крокам у гэтым кірунку было б правядзенне новых прэзідэнцкіх выбараў, выкананне рэкамендацый міжнародных арганізацый і ўстаноў, запрашэнне міжнародных назіральнікаў і забеспячэнне поўнага ўдзелу грамадзянскай супольнасці ў гэтым працэсе”.

Яцак Чапутовіч падкрэсліў, што вызваленне палітвязняў будзе доказам гатоўнасці беларускіх улад да дыялогу.

Паводле Міністэрства замежных спраў, Валерый і Вераніка Цапкалы падзякавалі Польшчы за падтрымку грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ і гатоўнасць дапамагчы рэпрэсаваным і пацярпелым падчас нядаўніх дэманстрацый.

аз