Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

У Варшаве «жывы ланцуг» спалучуў два берагі Віслы

24.08.2020 13:38
Беларусы хочуць таксама незалежнасці ад рэжыму Лукашэнкі, які быў апошнія 26 гадоў у Беларусі - кажа арганізатар акцыі Алесь Лапко
ланцуг салідарнасціфота: Albert Jerzy Wierzbicki

У нядзелю, 23 жніўня, у Варшаве прайшло некалькі акцый салідарнасці з Беларуссю. Першая сустрэча была арганізавана студэнтамі сталіцы. Яны сабраліся пад галоўнай брамай Варшаўскага ўніверсітэту і распаўсюджвалі ўлёткі з інфармацыяй пра падзеі ў Беларусі.


Улёткі з інфармацыяй пра падзеі ў Беларусі. Улёткі з інфармацыяй пра падзеі ў Беларусі.

Мы запыталіся ў адной з арганізатарак акцыі Ксеніі Роскач, якім чынам студэнты выказваюць салідарнасць з беларусамі на Радзіме:

-Я і мой сябар вырашылі арганізаваць такое мерапрыемства, каб дапамагчы Беларусі хоць неяк, таму што я бачу тое, што адбываецца ў Беларусі, чытаю навіны і гэта балюча, калі бачыш, што нічым не можаш дапамагчы на месцы. Таму я вырашыла неяк паўдзельнічаць і палепшыць свядомасць людзей, уласна палякаў, наконт таго што зараз адбываецца ў Беларусі, каб яны бачылі і разумелі, якая сітуацыя ў нас.

На мітынгу быў таксама студэнт Варшаўскага тэхнічнага ўніверсітэту – Станіслаў Станкевіч:

-Я прыйшоў таму што я зараз не знаходжуся дома, я ўчора прыехаў у Варшаву. Калі быў у Мінску, хадзіў на ўсе мітынгі, стараўся ўдзельнічаць ува ўсім, што адбывалася, і калі я тут, то таксама спрабую выказаць салідарнасць, таму што мяне вельмі турбуе тое, што адбываецца на Радзіме.


Ланцуг салідарнасці Ланцуг салідарнасці

Варшава далучылася таксама да акцыі «Глабальны жывы ланцуг», які праходзіў у дзясятках гарадоў свету а 19.00 мінскага часу. Ён быў прысвечаны 31 гадавіне Балтыйскага шляху, але гэтым разам людзі выйшлі ў падтрымку беларусаў. У Варшаве ўдалося спалучыць два берагі ракі Віслы. Мы размаўлялі з арганізатарам Алесем Лапко:

-Сёння беларусы па ўсім свеце: і ў Варшаве, і ў Кіеве, і ў Вільні выйшлі на ланцуг салідарнасці з Беларуссю, з беларусамі, якія зараз у краіне таксама змагаюцца, за волю, за свабоду, за свае правы, і хочуць незалежнасці.
Для нас выдзелены цэлы мост Сьлонска-Дамброўскі, на ім мы вывесім вялікі беларускі сцяг, будзе выглядаць прыгожа. Асноўная мэта - паказаць палякам, якія зараз, нядзельным вечарам выйшлі на праменаду, што беларусы зараз змагаюцца за свае правы.


Ланцуг салідарнасці Ланцуг салідарнасці

На акцыі мы сустрэлі таксама дэпутата польскага Сейму Міхала Шчэрбу, які актыўна дзейнічае ў польскім парламенце ў справе Беларусі.

-Думаю, што галоўны націск у магчымых перамовах будзе пакладзены на так званай «тройцы» АБСЕ, краінах, якія ўпраўляюць зараз арганізацыяй, але таксама тых, якія будуць ёй упраўляць у наступным годзе. Гэта шанец для Польшчы, перадусім таму, што Польшча будзе ўваходзіць у склад «Тройкі» з 2021 года. Але агулам я б жадаў большай актыўнасці з боку польскай улады. Добры прыклад дае Літва. Іхняя форма разумення сітуацыі прэзідэнтам і літоўскім урадам паказвае, што яны добра ведаюць і бачаць, што адбываецца ў Беларусі. Варта адзначыць, што ў Мінску зараз вырашаецца пытанне бяспекі цэлага рэгіёну, будучыня і пытанне адносін з нашым усходнім суседам. Таму я лічу, што задачай новага міністра замежных спраў Польшчы будзе падтрымліваць станоўчую пазіцыю Захаду ў адносінах да Беларусі так, каб рэжым не пайшоў на ўжыцце сілы супраць уласнага народу.


Вялікі сцяг на адным з мастоў Варшавы Вялікі сцяг на адным з мастоў Варшавы


Дадаткова ўвечары прайшла святая імша за свабодную Беларусь у адным з варшаўскіх касцёлаў. Акцыі ў Варшаве ладзяцца пастаянна на працягу апошніх двух месяцаў. На іх прыходзяць не толькі беларусы, якія пражываюць у польскай сталіцы, але таксама шмат неабыякавых палякаў.


Альберт Ежы Вяжбіцкі