Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Польская апазіцыя прыняла запрашэнне на сустрэчу ў прэм'ера, прысвечаную Беларусі

24.08.2020 14:24
Пытанне Беларусі павінна абʼядноўваць уладу ды апазіцыю.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneMateusz Szymanski / Shutterstock.com

Партыя «Грамадзянская кааліцыя» і левыя сілы будуць удзельнічаць у сустрэчы прэм'ер-міністра з парламенцкімі клубамі па сітуацыі ў Беларусі. Удзел ГК пацвердзіла ў інтэрвʼю журналістам намеснік кіраўніка клуба Катажына Любнаўэр (Katarzyna Lubnauer). Сустрэча мае адбыцца ў сераду ў Канцылярыі прэмʼер-міністра.

Па словах Катажыны Любнаўэр, пытанне Беларусі павінна абʼядноўваць уладу ды апазіцыю. Яна таксама заявіла, што прадстаўнікі групоўкі пойдуць на сустрэчу з прэмʼер-міністрам, каб пагаварыць пра дапамогу ЕС для беларускай апазіцыі, падтрымку Белсата і пра тое, як польскія ўлады павінны ставіцца да тых беларусаў, якія будуць хадайнічаць аб палітычным прытулку ў Польшчы.

На сустрэчы таксама зʼявіцца дэлегацыя левых сілаў. Кіраўнік клуба Кшыштаф Гаўкоўскі (Krzysztof Gawkowski) сказаў, што Роберт Бедрань, кіраўнік пастаяннага падкамітэту па Беларусі ў Еўрапарламенце, і член парламенцкага камітэту па замежных справах Анджэй Шэйна (Andrzej Szejna) возьмуць удзел у спатканні. Кшыштаф Гаўкоўскі мяркуе, што такія перамовы трэба ладзіць перыядычна.

Прадстаўнікі кааліцыі Польскай сялянскай партыі і Кукізʼ15 таксама заявілі пра свой удзел у сустрэчы па сітуацыі ў Беларусі.

Кіраўнік клуба «Права і справядлівасць», намеснік спікера Сейма Рышард Тэрлецкі заявіў, што яго клуб будзе імкнуцца да адзінай пазіцыі клубаў па Беларусі. Ён дадаў, што дзяржава павінна быць гатовая як да сцэнару змен у Беларусі, так і да захавання ўлады Лукашэнкі.

14 жніўня прэмʼер-міністр Матэвуш Маравецкі прадставіў у Сейме план «Салідарнасці з Беларуссю». Ён, сярод іншага, прадбачвае стыпендыі для студэнтаў, аблягчэнне ва ўедзе беларусаў у Польшчу і падтрымку незалежных СМІ. На гэта Польшча павінна вылучыць 50 мільёнаў злотых.

ПР/нг