1 верасня ў Варшаве пачаў сваё дзеянне Цэнтр Беларускай Салідарнасці. Паводле ідэі – гэта будзе арганізацыя-парасон, якая аб’ядноўвае іншыя ўстановы і дапамагае каардынаваць дзеянні і супрацу ў розных галінах.
Цэнтр Беларускай Салідарнасці аб’явіў пачатак сваёй дзейнасці ў першы дзень восені. Арганізацыя, якую стварылі варшаўскія Беларусы – гэта працяг і фармалізацыя гэтай супольнасці, якая ў гэтым годзе рэгулярна арганізавала акцыі салідарнасці і пратэсту ў розных кропках сталіцы. У сваім павітальным посце на платформе фейсбук яны аб’явілі, што намерваюцца каардынаваць супрацу дзеянняў накіраваных на дапамогу грамадскасці Беларусі. Пра асноўныя мэты і ідэі арганізацыі расказаў нам Алесь Лапко, адзін з заснавальнікаў Цэнтра.
Алесь, адкуль узялася ідэя распачаць дзейнасць Цэнтру і чым вы будзеце займацца?
-Цэнтр Беларускай Салідарнасці з’явіўся як ініцыятыва адразу ў шмат каго з беларусаў, якія жывуць за мяжою. Таму што існавала ўжо шмат арганізацыі, якія працавалі на карысць Беларусі, да выбарчай кампаніі і падчас яе і пасля.
Якія арганізацыі на гэты момант з’яўляюцца партнёрамі Цэнтру?
-Гэта розныя арганізацыі, напрыклад: Варшаўскі Праспект, Беларускі Моладзевы Хаб, Fundacja Rozwoju Oprócz Granic і іншыя, якія займаюцца рознымі галінамі беларускай справы. Мэта каб не дубляваць дзеянняў, не распыляць энергію, а наадварот з дапамогай сінергіі дапамагчы як мага больш людзям, якія патрабуюць дапамогі.
А ці ёсць ужо нейкі падзел на галіны дзейнасці ў беларускім напрамку? Як выглядае або як будзе выглядаць каардынацыя дзеянняў?
-Строгага падзелу няма. Нашыя адмыслоўцы паміж усімі працэсамі вельмі цесна супрацоўнічаюць, але напрыклад ёсць адна-дзве арганізацыі якія займаюцца рэлакацыяй, бо гэта з’яўляецца нашай першай мэтай, каб дапамагаць тым хто пераехаў у Польшчу – быць першым кантактам. Мы будзем дапамагаць знайсці жыллё для каранціну, знайсці патрэбныя рэчы, прадукты і робім увод у жыццё ў Польшчы
А як выглядае такая дапамога з Вашага боку для тых, хто пераедзе ў Польшчу? Чаго чакаць гэтым людзям?
-Будзем выдаваць сімкарты на першыя 30 дзён, каб чалавек мог не задумвацца ці будзе ў яго сувязь. Ёсць арганізацыі, якія дапамагаюць з польскай мовай, юрысты якія дапамагаюць легалізацыяй. Таксама вельмі важны момант гэта псіхолагі, таму што шмат каму патрэбная псіхалагічная дапамога пасля таго, што ён перажыў
У фейсбуку напісана, што Вы супрацоўнічаеце з людзьмі з іншых буйных гарадоў Польшчы і еўрапейскіх сталіц. Якім чынам гэта адбываецца? Ці калі чалавек хоча пераехаць у іншую краіну таксама можа звярнуцца да вас?
-У нас ёсць такія партнёры, але не толькі ў буйных гарадах. Ёсць таксама беларусы і палякі ў маленькіх гарадах, якія хочуць дапамагаць у сябе. Што тычыцца іншых краін – можам скаардынаваць такога чалавека, калі ён кудысці накіроўваецца і хтосьці на месцы яму дапаможа. Але канешне, калі ты ўцякаеш і цябе пераследуюць – першы кантакт гэта суседнія краіны – Польшча, Латвія, Літва, Украіна, Расія.
Ці Цэнтр плануе супрацу з уладамі краін Еўразвязу? У прыватнасці з польскім урадам? Ці прадстаўнікі нейкіх дзяржаўных арганізацыі кантактаваліся з Вамі?
-Кожны з нас ужо некалькі месяцаў працуе вельмі актыўна і маюць кантакт з уладамі Польшчы. Польскія палітыкі прыходзілі на нашыя мітынгі, прычым з розных партыі.
Якія зараз дзеянні наперадзе? Чым у бліжэйшы час будзе займацца Цэнтр Беларускай Салідарнасці?
-У хуткім часе ў нас з’явіцца офіс. Гэта будзе такі цэнтр, куды беларусы змогуць пайсці, звярнуцца да адмыслоўца, юрыста, псіхолага, могуць адпачыць, даведацца пра жыццё ў Польшчы.
З намі размаўляў Алесь Лапко, адзін з заснавальнікаў Цэнтру Беларускай Салідарнасці
Цэнтр супрацоўнічае між іншым з ініцыятывамі BYSol, BYHelp, якія сабралі ўжо некалькі мільёнаў долараў на дапамогу рэпрэсаваным і бастуючым. Таксама арганізацыя плануе дапамагаць у пераездзе ў Польшчу беларусам, якія атрымліваюць пагрозы за сваю грамадзянскую актыўнасць.
Слухайце аўдыё
Альберт Ежы Вяжбіцкі