Прэзідэнт Анджэй Дуда выказаў спачуванні пацярпелым пасля крушэння самалёта ва Украіне. У сацыяльнай сетцы Twitter польскі лідар напісаў: «Яднаюся ў болю з тымі, хто пакутуе. RiP ». Таксама кіраўнік МЗС Польшчы Збігнеў Раў выказаў глыбокія спачуванні ўкраінскаму народу.
У жалобнай тэлеграме, накіраванай прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму прэзідэнт Дуда напісаў, што крануты навіной аб крушэнні самалёта, на борце якога знаходзіліся студэнты Харкаўскага нацыянальнага ўніверсітэту ВПС Украіны.
«Я выказваю вам, ад імя польскага народа і сябе асабіста, глыбокія спачуванні. Запэўніваю вас, што ў гэтыя балючыя моманты мы яднаемся з вамі ў горы і жалобе з сем'ямі загінулых і ўсім украінскім народам», – напісаў у тэлеграме прэзідэнт Дуда.
Ваенна-транспартны самалёт УС Украіны Ан-26 пацярпеў крушэнне ў пятніцу ўвечары каля гораду Чугуева Харкаўскай вобласці падчас навучальнага палёту. На борце знаходзіліся 27 чалавек: сем членаў экіпажа і 20 курсантаў, аднаго курсанта да палётаў не дапусцілі. Па дадзеных офісу генпракурора загінулі 25 чалавек, аднак Дзяржслужба па НС паведаміла, што на раніцу суботы пошукі яшчэ дваіх чалавек працягваюцца.
PAP/эж