З моманту, калі да ўсенародных пратэстаў у Беларусі масава далучыліся студэнты, прайшоў ужо месяц. Акцыі салідарнасці з затрыманымі калегамі праходзяць штодзённа на калідорах і перад будынкамі ўніверсітэтаў. Тым часам, першага кастрычніка польскія ВНУ традыцыйна пачынаюць сваю навучальную працу. Аднак з увагі на пандэмію каранавіруса некаторыя з іх усцяж праводзяць набор і пачнуць навучанне толькі праз некалькі тыдняў. Вучоба ў шматлікіх універсітэтах будзе праходзіць дыстанцыйна.
- Для нас вельмі важна тое, каб студэнты, у прыватнасці першага курсу, маглі сутыкнуцца з сапраўдным універсітэтам. Выбіраем бяспечныя прадметы, выкладанне якіх можам арганізаваць у будынках універсітэту, таму што немагчыма праводзіць некаторыя віды заняткаў дыстанцыйна, напрыклад, заняткі ў лабараторыях, экспедыцыі, якія ў іншым выглядзе не маюць сэнсу, – кажа прафесар Рышард Казёлэк з Сілезскага Універсітэту.
У сувязі з няпростай сітуацыяй у сваёй краіне, новыя магчымасці атрымалі студэнты з Беларусі, якім шэраг польскіх універсітэтаў запрапанавалі дапамогу ва ўладкаванні на вучобу ў сітуацыі, калі кагосьці адлічаць з беларускіх ВНУ па палітычных матывах.
Некаторыя ўніверсітэты ўжо абвясцілі аб пачатку вучобы студэнтаў з Беларусі. Ва ўніверсітэтах Аполя па адмысловай праграме з гэтага году будуць вучыцца 23 студэнты – інфармуе Газета Выборча. Адмысловыя праграмы падтрымкі распрацаваныя таксама між іншым у Кракаве, Варшаве і Любліне. Вучэльні прапануюць не толькі бясплатнае навучанне, але і дапамогу ў пошуках жылля ды фінансавую падтрымку.
- Каталіцкі Люблінскі Універсітэт імя Яна Паўла ІІ ужо трыццаць гадоў дапамагае студэнтам з Усходу, у тым ліку з Беларусі. У гэтым годзе мы прынялі ўжо дзесяць беларусаў, якія пачнуць вучобу на першым курсе. Фінансавую падтрымку забеспячвае ксёндз рэктар ды фонд Яна Паўла ІІ, у інтэрнаце якога пасяляюцца гэтыя студэнты. Агулам на нашым універсітэце вучыцца больш за сотню беларускіх студэнтаў. Гэта наша дапамога. Усіх сардэчна вітаем на нашым універсітэце, - гаворыць Кшыштаф Нарэцкі – прарэктар па справам студэнтаў Каталіцкага Люблінскага Універсітэта.
У Беларусі тым часам не сціхаюць рэпрэсіі супраць студэнтаў. На ўчарашняй акцыі сядзячага пратэсту супраць затрыманняў зноў адбыліся затрыманні. У студэнцкіх акцыях пратэсту прымаюць удзел студэнты шматлікіх ВНУ Беларусі, як у Мінску, так і абласных цэнтрах.
Некалькі дзён таму Аляксандр Лукашэнка аб’явіў, што беларусам, якія атрымаюць дыпломы на польскіх ВНУ, прыйдзецца прайсці настрыфікацыю ў Беларусі. У мінулым навучальным годзе, паводле звестак Адукацыйнага Фонду «Перспектывы», у Польшчы вучылася 85 тысяч замежных студэнтаў, у тым ліку больш за 7 тысяч беларусаў. У гэтым годзе, у сувязі з сітуацыяй у Беларусі, гэты лік можа вырасці. Дапамогу маладым беларусам абяцалі таксама ўніверсітэты ў Чэхіі, Украіне, Літве і Латвіі.
слухайце аўдыё
Альберт Ежы Вяжбіцкі