Віцэ-міністр замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач нагадаў у эфіры Польскага радыё, што Польшча была адной з тых краін, якія з самага пачатку патрабавалі ўвесці санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў, адказных за парушэнне правоў чалавека. Польскі бок таксама не згаджаўся, каб павязаць гэтыя санкцыі з санкцыямі ў адносінах Турцыі, чаго патрабуе Кіпр.
Міністр спадзяецца, што вынікам сустрэчы высокапастаўленых палітыкаў Еўрапейскага саюзу стануць канкрэтныя рашучыя крокі, якія паўплываюць на вырашэнне палітычнага крызісу ў Беларусі.
- Я глыбока ўпэўнены, што вынікам дадзенага саміту стане канкрэтнае рашэнне адносна санкцый у адносінах Беларусі. Я таксама глыбока перакананы, што ў высновах сустрэчы прагучаць тыя прапановы, якія для нас вельмі важныя. Гаворка ідзе пра эканамічны план для новай, дэмакратычнай Беларусі.
Учора лідары краін Еўрапейскага Саюзу на саміце ў Бруселі прынялі рашэнне аб увядзенні санкцый у адносінах Беларусі. Яны заклікалі міністраў дзяржаў-членаў ЕС безагаворачна зацвердзіць дадзенае рашэнне.
нг