Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Польшча заклікае бакі канфлікту ў Нагорным Карабаху вярнуцца за стол перамоваў

04.10.2020 10:23
У Нагорным Карабаху чарговую ноч чуваць стрэлы.
Канфлікт за Нагорны Карабахфота: PAP/EPA/ARMENIAN DEFENCE MINISTRY HANDOUT HANDOUT

Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач выказвае боязь, што ўзброены канфлікт у Нагорным Карабаху можа перарасці ў больш маштабнае супрацьстаянне. Міністр адзначыў, што ён сочыць за падзеямі з сумам і занепакаеннем.

Ужо тыдзень працягваюцца баявыя дзеянні ў Нагорным Карабаху. Армія Азербайджану абстрэльвае пазіцыі мясцовага насельніцтва і ваенных падраздзяленняў Арменіі.

Міністр Пшыдач заклікае бакі канфлікту да яго дээскалацыі і вяртання за стол перамоваў.

- Мы заклікаем супакоіць канфлікт, заклікаем вярнуцца за стол перамоваў. Існуе спецыяльна створаная перамоўная група – Мінская група ў рамках АБСЕ. Мы вельмі просім нашых азербайджанскіх ды армянскіх калег зноў сесці за стол перамоваў. На жаль, мы бачым, што канфлікт насычаны вельмі дрэннымі эмоцыямі, таму ён можа не закончыцца ў хуткім часе.

У Нагорным Карабаху чарговую ноч чуваць стрэлы. Бакі канфлікту паведамляюць пра смяротныя ахвяры ды параненых, як салдат, так і мірных жыхароў. Азербайджан выкарыстоўвае авіяцыю, у тым ліку верталёты і беспілотныя лятальныя апараты. Паводле меркавання ўладаў Арменіі, некаторую авіятэхніку дастаўляе азербайджанскай арміі Турцыя.

Прадстаўнікі Арменіі ды Азербайджану заяўляюць, што яны сядуць за стол перамоваў, калі ў Нагорным Карабаху не будзе чуваць стрэлаў з ніводнага боку.

ПР/нг