Ваенны Агульнаадукацыйны ІТ-ліцэй атрымаў сёння новае імя – Польскіх крыптографаў. Урачыстасць, падчас якой адукацыйнай установе было прысвоена новае імя ды адбылася прысяга вучняў першага класу, прайшла на тэрыторыі Ваеннай тэхнічнай акадэміі ў Варшаве, пры якой дзейнічае ліцэй.
Міністр нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак адзначыў падчас урачыстасці, што заснаванне ліцэя было правільным крокам. На ягоную думку, падрыхтоўка спецыялістаў у галіне інфармацыйнай бяспекі павысіць здольнасць польскай арміі абараняцца ад кібератакаў.
- Я віншую вучняў, якія прынеслі сёння прысягу. Вы зможаце развіваць свае здольнасці, а пасля заканчэння ліцэя вас чакаюць Ваенная тэхнічная акадэмія, чакаюць адпаведныя факультэты. А пасля заканчэння акадэміі вас чакаюць войскі абароны кіберпрасторы. Гэта падраздзяленне, якое павінна абараняць бяспеку нашай Айчыны ў інфармацыйным полі.
Блашчак нагадаў пра асобаў, імя якіх носіць ліцэй – траіх польскіх крыптографаў, якія распрацавалі коды нямецкай шыфравальнай машыны "Энігма" падчас вайны. Варта імкнуцца ісці ў іх сляды.
- Я маю на ўвазе выбітных матэматыкаў – Рэеўскага, Ружыцкага і Зыгальскага, якім удалося зламаць шыфр нямецкай шыфравальнай машыны "Энігма". Гэта было вялізнае дасягненне, якое прычынілася да перамогі войскаў саюзнікаў над нацысцкай Германіяй. Гэта дазволіла раней закончыць вайну.
Ваенны ІТ-ліцэй дзейнічае ўжо другі год. У школе ёсць два класы – першы і другі. У іх вучыцца агулам 101 вучань. Установа блізка супрацоўнічае з Ваеннай тэхнічнай акадэміяй.
ПР/нг