Варшаве пагражае крызіс сістэмы перапрацоўкі ды ўтылізацыі адкідаў, – мяркуе віцэ-міністр клімату Яцэк Аздоба (Jacek Ozdoba). Планаваны рэзкі рост ставак за вываз смецця ў сталіцы – гэта, на думку міністра, у прыватнасці вынік перадачы гаспадаркі ўтылізацыі адкідаў у рукі прыватных кампаніяў, якія імкнуцца да максімальнага прыбытку.
Па словах Яцэка Аздоба, сітуацыя на столькі дрэнная, што неўзабаве кампаніі могуць агулам адмовіцца ад вывазу адкідаў.
- Інспекцыя аховы асяроддзя інфармавала прэзідэнта Варшавы, што ў сталіцы сістэма ўтылізацыі смецця ў жахлівым стане. Праверка інспекцыі засведчыла сур’ёзныя парушэнні, якія пагражаюць жыццю і здароўю жыхароў, якія знішчаюць навакольнае асяроддзе. Перад намі «смеццевы крызіс» у Варшаве. Калі суд адобрыць рашэнні Інспекцыі аховы навакольнага асяроддзя, гэта будзе азначаць, што ў Варшаве ніхто не будзе займацца вывазам смецця ад жыхароў.
Улады Варшавы плануюць рэзка павысіць кошты ўтылізацыі адкідаў. Сям’я з чатырох чалавек заплаціць за вываз смецця нават 200 злотых у месяц ($51).
Пытанне павышэння ставак за ўтылізацыю адкідаў намераны абмеркаваць дэпутаты Гарадской рады Варшавы.
ПР/нг