Сёлетнія святкаванні моцна адрозніваюцца ад таго, да чаго прывыклі палякі за апошнія 30 гадоў. Усе парады, канцэрты, дыскусіі і народныя фэсты адмянілі або перавялі, па меры магчымасці, у анлайн-фармат. Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда разам са сваёй жонкай усклалі сёння кветкі да помнікаў «бацькоў польскай незалежнасці», загінулых у смаленскай трагедыі 2010 года і да магілы невядомаму салдату. У астатніх гарадах Польшчы праходзілі падобныя, сімвалічныя акцыі ўскладання кветак, а пазнейшыя ўрачыстасці трансляваліся праз інтэрнэт-СМІ. Падобным чынам роўна а поўдні прайшло супольнае спяванне гімну – раней гэтае мерапрыемства праходзіла ва ўстановах і на вуліцах – гэтым разам у дамах пры дапамозе інтэрнэт-сувязі.
Чаму аднак у Польшчы гэты дзень святкуецца ў якасці Свята Незалежнасці? Для гэтага нам спатрэбіцца вярнуцца 102 гады таму ў гісторыю Польшчы.
Пра нейкі від незалежнасці можна казаць ужо 7 кастрычніка 1918 года. У гэты дзень Рэгенцыйная Рада тады яшчэ Польскага Каралеўства абвесціла дэкларацыю незалежнасці. Рэгенцыйная Рада была дэ-факта першым польскім урадам пасля 123 гадоў няволі. Яна кантралявала сістэму адукацыі, службу аховы здароўя і судовую сістэму яшчэ да 11 лістапада. Праблема была ў тым, што Рада стваралася з мэтай знайсці Польшчы караля як кіраўніка дзяржавы. З гэтым не пагаджаліся ліберальныя і левыя палітыкі тагачаснай Польшчы і 7 лістапада ў Любліне абвесцілі стварэнне Польскай Рэспублікі. Канфлікт між дзвюма асяродкамі ўлады вырашыў Юзэф Пілсудскі, які 10 лістапада прыехаў у Варшаву з магдэбургскай турмы і пераняў уладу ад абодвух асяроддзяў. Пад кіраўніцтвам Пілсудскага да згоды прыйшлі ўсе палітычныя сілы Польшчы – ад манархістаў праз нацыянал-дэмакратаў да сацыялістаў. Яго ролю падсумаваў гісторык Войцех Дрэўняк, аўтар серыі ролікаў і кніжак “Гісторыя без цэнзуры” (Historia bez cenzury):
-Менавіта Пілсудскі, які ўзначальваў дзяржаву ў так вызначальных момантах, як польска-бальшавіцкая вайна, меў агромны ўплыў на тое, як выглядалі межы Польшчы пасля ваенных дзеянняў. Але важнай постаццю быў таксама Раман Дмоўскі. Іх погляд на будучыню Польшчы моцна адрозніваўся з самога пачатку – у час першай сусветнай вайны Пілсудскі хацеў супрацоўнічаць з немцамі, Дмоўскі – з царскай Расіяй. Але пасля бальшавіцкай рэвалюцыі ён пераехаў на Захад змагацца за незалежнасць дыпламатычным шляхам. Праблема была ў тым, што Пілсудскі і Дмоўскі стаялі на двух розных канцах палітычнага полюса, акрамя таго, некалі ў іх быў канфлікт за... жанчыну. Але іх праца для Польшчы неяк супала – Пілсудскі наладжваў справу ў краіне, а Дмоўскі за мяжой. Ён таксама ад імя Польшчы падпісаў вэрсальскі дагавор, які заканчваў першую сусветную вайну.
І хаця ўлада была ўзятай Пілсудскім 11 лістапада, працэс фармавання ўраду і перамоваў паміж рознымі палітычнымі сіламі цягнуўся яшчэ амаль тыдзень. Толькі 16 лістапада была распаўсюджана па краіне і за мяжой інфармацыя пра польскую незалежнасць. Аднак гэта не абазначала, што Польшча ў кшталце, які мы ведаем з картаў 20-30 гадоў мінулага стагоддзя, тады ўжо сфармавалася. Наперадзе былі яшчэ паўстанні ў Сілезіі і Вялікапольшчы, плебісцыты ў той жа Сілезіі, Памор’ю і Мазурыі, а таксама польска-бальшавіцкая вайна, якая вызначыла мяжы Польскай Рэспублікі толькі рыжскім дагаворам 1921 года. Не мяняе гэта аднак факту, што палякі ў 1918 годзе ўрэшце дамагліся так доўга чаканай незалежнасці. Якія былі рэакцыі сярод польскага грамадства ў гэтыя лістападаўскія дні? Некаторыя з іх сабраў Барташ Баркоўскі, вядучы праграмы “Абліччы 20-га стагоддзя” (Oblicza XX wieku) на Ютуб:
-Адным з самых характэрных успамінаў з’яўляецца нататка Янджэя Марачэўскага, які ўжо неўзабаве стане прэм’ер-міністрам Польшчы: «Немагчыма перадаць гэты стан, гэтае шаленства людзей, якое апанавала Польшчу ў гэты момант. Пасля 120 гадоў упалі кайданы, іх больш няма. Свабода, незалежнасць, еднасць. Уласная дзяржава – назаўсёды. Хаос? Гэта няважна. Усё будзе добра, бо зараз мы свабодныя ад піявак, злодзеяў, рабаўнікоў і будзем самі сабой упраўляць. Хто не радаваўся ў гэтыя дні разам з усім народам – не пазнаў самай вялікай радасці ў жыцці. Чатыры пакаленні чакалі – пятае дачакалася». Гэтыя словы выдатна апісваюць уражанні палякаў у гэтыя дні. Падобным чынам выказалася Марыя Любамірская: «Сённяшні дзень – гістарычны, самы радасны, трыумфальны. Мы свабодныя, мы пануем у сваёй краіне. І гэта стала так нечакана. Калі я сёння выйшла на вуліцу, яна быццам сама спявала, маладая, раскалыханая пачуццем свабоды”.
Як бачым, з пункту гледжання тагачасных людзей – не было важна, якая дата будзе азначаць Свята Незалежнасці. Важны быў сам факт вызвалення. У першыя гады незалежнасці народным святам стала 3 мая – гадавіна першай польскай канстытуцыі. 11 лістапада стаў народным святам толькі ў 1937 годзе і да другой сусветнай вайны святкаваўся толькі два разы. Потым польскую незалежнасць адзначалі 22 ліпеня, у гадавіну публікацыі маніфесту Камітэта польскага нацыянальнага вызвалення. 11 лістапада паўторна стаў народным святам у 1989 годзе і з таго часу з’яўляецца найбольш маштабным дзяржаўным мерапрыемствам Польшчы.
Слухайце аўдыёфайл
Альберт Ежы Вяжбіцкі