Беспарадкі, якія адбыліся падчас учарашняга Маршу Незалежнасці ў Варшаве, ускладнілі працу медыцынскага персаналу часовага шпіталя на Нацыянальным стадыёне. Нагадваем, шпіталь быў створаны для пацыентаў хворых нa COVID-19.
Кіраўнік установы доктар Артур Зачыньскі (Artur Zaczyński) заявіў у Першай праграме грамадскага Польскага радыё, што адбыўся адзін інцыдэнт, але супрацоўнікі бальніцы і так хваляваліся фактам, што побач адбываюцца сутыкненні хуліганаў з паліцыяй:
- Апрача страху перад агрэсіяй, паколькі ўсё гэта адбывалася вакол стадыёна, дайшло да адной сітуацыі, калі аўтамабіль хуткай дапамогі не мог выехаць з тэрыторыі стадыёна. Нам удалося бяспечна даехаць да шпіталя толькі дзякуючы дапамозе з боку паліцыі, пажарнікаў і іншых службаў.
Нагадваем, арганізатары распусцілі Марш Незалежнасці ў Варшаве пасля таго, як дайшло да сутыкненняў з паліцыяй. Сярод іншага ў хуліганы кідалі ў функцыянераў камяні і факелы. У адказ паліцыя выкарыстала пярцовы аэразоль, а нават страляла гумовымі кулямі.
Таксама была падпаленая адна кватэра па трасе шэсця. Кінуты хуліганамі ў бок будынка факел разбіў шкло ў дзвярах, выклікаючы кароткачасовы пажар. Сітуацыю хутка ўзялі пад кантроль пажарнікі.
Варшаўская паліцыя абвясціла, што вызначыць асобы ўсіх удзельнікаў беспарадкаў і нападаў на функцыянераў і прыцягне іх да адказнасці.
аз