Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Пасля ўчарашніх беспарадкаў у Варшаве былі затрыманыя больш за 300 чалавек

12.11.2020 11:34
Падчас беспарадкаў параненыя былі 35 функцыянераў паліцыі, а таксама адзін фотакарэспандэнт.
-    .
Прэс-сакратар сталічнай паліцыі Сільвестр Марчак. PAP/Rafał Guz

У выніку беспарадкаў, якія адбыліся падчас учарашняга Маршу Незалежнасці ў Варшаве былі параненыя 35 функцыянераў паліцыі. Затрыманыя былі больш за 300 чалавек, паведаміў прэс-сакратар сталічнай паліцыі Сільвестр Марчак (Sylwester Marczak). Паводле яго, учора ў Варшаве адбылася „бітва” паміж хуліганамі і паліцыяй.

Пацярпелыя паліцыянты атрымалі траўмы пазваночніка і галавы, у аднаго з іх пераламана рука. Трое чалавек да гэтага часу знаходзяцца ў бальніцы. Адзін быў вельмі цяжка паранены.

Падчас учарашніх беспарадкаў пацярпеў таксама адзін з фотакарэспандэнтаў.

- На жаль, там дзе выкарыстоўваюцца сілавыя сродкі, на лініі паміж паліцыянтамі і пратэстоўцамі часта знаходзяцца журналісты. Учора пацярпеў адзін з фотакарэспандэнтаў. Мы выказваем шкадаванне з гэтай нагоды. Адначасова я запэўніваю, што мы паяснім усе сумневы па гэтай справе.  

Нагадваем, арганізатары распусцілі Марш Незалежнасці ў Варшаве пасля таго, як у раёне Ронда дэ-Голя, каля Нацыянальнага стадыёна, а раней таксама на вуліцы Андэрса адбыліся сутыкненні з паліцыяй.

Сярод іншага хуліганы кідалі ў функцыянераў камяні і факелы. У адказ паліцыя выкарыстала пярцовы аэразоль, а нават страляла гумовымі кулямі.

Таксама была падпаленая адна кватэра на трасе шэсця. Кінуты хуліганамі ў бок будынка факел разбіў шкло ў дзвярах, выклікаючы кароткачасовы пажар. Сітуацыю хутка ўзялі пад кантроль пажарнікі.

Варшаўская паліцыя абвясціла, што вызначыць асобы ўсіх удзельнікаў беспарадкаў і нападаў на функцыянераў і прыцягне іх да адказнасці.

аз