У выніку беспарадкаў, якія адбыліся падчас учарашняга Маршу Незалежнасці ў Варшаве былі параненыя 35 функцыянераў паліцыі. Затрыманыя былі больш за 300 чалавек, паведаміў прэс-сакратар сталічнай паліцыі Сільвестр Марчак (Sylwester Marczak). Паводле яго, учора ў Варшаве адбылася „бітва” паміж хуліганамі і паліцыяй.
Пацярпелыя паліцыянты атрымалі траўмы пазваночніка і галавы, у аднаго з іх пераламана рука. Трое чалавек да гэтага часу знаходзяцца ў бальніцы. Адзін быў вельмі цяжка паранены.
Падчас учарашніх беспарадкаў пацярпеў таксама адзін з фотакарэспандэнтаў.
- На жаль, там дзе выкарыстоўваюцца сілавыя сродкі, на лініі паміж паліцыянтамі і пратэстоўцамі часта знаходзяцца журналісты. Учора пацярпеў адзін з фотакарэспандэнтаў. Мы выказваем шкадаванне з гэтай нагоды. Адначасова я запэўніваю, што мы паяснім усе сумневы па гэтай справе.
Нагадваем, арганізатары распусцілі Марш Незалежнасці ў Варшаве пасля таго, як у раёне Ронда дэ-Голя, каля Нацыянальнага стадыёна, а раней таксама на вуліцы Андэрса адбыліся сутыкненні з паліцыяй.
Сярод іншага хуліганы кідалі ў функцыянераў камяні і факелы. У адказ паліцыя выкарыстала пярцовы аэразоль, а нават страляла гумовымі кулямі.
Таксама была падпаленая адна кватэра на трасе шэсця. Кінуты хуліганамі ў бок будынка факел разбіў шкло ў дзвярах, выклікаючы кароткачасовы пажар. Сітуацыю хутка ўзялі пад кантроль пажарнікі.
Варшаўская паліцыя абвясціла, што вызначыць асобы ўсіх удзельнікаў беспарадкаў і нападаў на функцыянераў і прыцягне іх да адказнасці.
аз