Кіраўнік канцылярыі прэм’ера Польшчы Міхал Дворчык заявіў, што польскі ўрад не пагодзіцца на ўвядзенне механізму, які прывяжа пытанне вяршэнства права і фінансавую дапамогу з фондаў ЕЗ. Такі механізм дазволіў бы прымаць палітычна матываваныя рашэнні аб падтрымцы асобных дзяржаў супольнасці, лічыць Міхал Дворчык:
-Польшча намерваецца паслядоўна выконваць еўрапейскае заканадаўства. Мы не можам пагадзіцца на рознае стаўленне да розных дзяржаў-чальцоў ЕЗ. Механізмы, якія нам зараз прапаноўваюць, на самай справе, спрыяюць менавіта гэтаму.
На мінулым тыдні ў Бруселю было дасягнутае папярэдняе пагадненне аб прывязцы грашовых выплат з бюджэту ЕЗ да пытання вяршэнства права ў абранай краіне. Супраць увядзення такога механізму выступаюць Польшча і Вугоршчына.
Учора прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі прыгразіў накласці вета на бюджэт супольнасці на 2021-2027 гады, калі дапамога будзе залежаць ад вяршэнства права. Польскі прэмʼер накіраваў ліст па гэтым пытанні кіраўнікам ЕЗ: старшыні Еўрапейскай Рады Шарлю Мішэля і старшыні Еўрапейскай камісіі Урсуле фон дэр Ляен, а таксама канцлеру Нямеччыны Ангеле Меркель, бо менавіта ФРГ у гэтым паўгоддзі старшынствуе ў ЕЗ.
iar/эж