Пётр Д., былы супрацоўнік Агенцтва нацыянальнай бяспекі Польшчы, і Вэйцзін У., меркаваны супрацоўнік выведкі КНР, былі абвінавачаныя ў шпіянажы. Мяркуецца, што паляк перадаваў канфідэнцыйную і таемную інфармацыю ў абмен на наяўныя грошы, вандроўкі або падарункі. Кітаец жа, які на момант затрымання быў адным з дырэктараў польскага філіяла канцэрна Huawei, верагодна, перадаваў інфармацыю ў штаб-кватэру кампаніі.
Следства сцвярджае, што Вэйцзін У. з'яўляецца афіцэрам кітайскай выведкі, ён дзейнічаў у Польшчы некалькі гадоў. З 2006 года ён працаваў у Генеральным консульстве КНР у Гданьску. У 2011 годзе Вэйцзін У. пачаў працаваць у Huawei, дзе адказваў за PR і кантакты з дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі. У 2017 годзе стаў дырэктарам па продажах Huawei. Яго асноўнай задачай быў продаж прадукцыі кітайскага канцэрна дзяржаўнаму сектару.
Пётр Д. зʼяўляўся дасведчаным супрацоўнікам Агенцтва нацыянальнай бяспекі, дзе ён працаваў да 2011 года. Ён быў, у прыватнасці, намеснікам дырэктара Дэпартамента па інфармацыйнай бяспецы. Затым працаваў у ваенна-тэхнічнай акадэміі, Упраўленні электроннымі камунікацыямі, а таксама ў тэлекамунікацыйнай кампаніі Orange Polska. Ён займаўся пытаннямі лічбавай бяспекі. У апошняй кампаніі ён адказваў за супрацоўніцтва з Саюзам польскіх банкаў і сістэму экстранага SMS-паведамлення.
На думку следчых, Пётр Д. на працягу некалькіх гадоў перадаваў кітайскай выведцы важную інфармацыю, якая тычыцца, напрыклад, урадавай тэлеінфармацыйнай сеткі.
Пакуль невядома, прызналіся абодва падазраваныя ў прадʼяўленых ім абвінавачваннях. Па дадзеных СМІ, абодва яны віну не прызнаюць.
tvp/эж