Завяршыўся рамонт гістарычнай мячэці ў Крушынянах, што ў некалькіх кіламетрах ад мяжы з Беларуссю. Будынак з'яўляецца ўнікальным у нацыянальным маштабе прыкладам ісламскага рэлігійнага дойлідства, якое захавалася да нашага часу.
- Дакладная дата яе стварэння невядомая. Аднак вядома, што яна існавала у XVIII стагоддзі, а ў 1846 годзе прайшла капітальны рамонт – кажа Браніслаў Талькоўскі, старшыня мусульманскай рэлігійнай абшчыны ў Крушынянах.
Менавіта ў гэтай Падляскай вёсцы стаіць найстарэйшая мячэць у Польшчы. Як і храм у блізкіх Бахоўніках, ён не падобны на тыповыя мусульманскія малітоўныя пабудовы ў арабскіх краінах. Мячэць мае рысы ўласцівыя драўляным цэрквам і касцёлам.
- Першапачаткова сцены былі пабудаваныя толькі з бярвення, пазней яны былі абкладзены шалёўкай. Па гэты дзень я шкадую, што не паспеў спытаць у бацькі, калі гэта адбылося. Адразу пасля Другой сусветнай вайны або яшчэ ў міжваенны час,– распавядае Браніслаў Талькоўскі.
У будынку завяршыўся рамонт інтэрʼеру. Сярод іншага, былі ўзмоцнены перамычка вокнаў у перагародцы паміж малітоўнай залай для жанчын і малітоўнай залай для мужчын. Адначасова была ўзмоцнена канструкцыя балкону, размешчанага ў мужчынскай зале. Акрамя таго, былі ачышчаны і драўляныя слупы, якія падтрымліваюць гэты мезанін, і яго драўляная лесвіца.
І мячэць, і мізар (мусульмаснкія могілкі) у Крушынянах з’яўляюцца помнікам гісторыі Польшчы.
tvn/эж