Польскі гісторык, доктар гуманітарных навук, палітолаг Ежы Таргальскі ўзнагароджаны Ордэнам адраджэння Польшчы за «выбітныя заслугі ў карысць дэмакратычных перамен у Польшчы».
Аб прэстыжнай узнагародзе, якую прысуджае прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, паведаміў прадстаўнік Канцылярыі прэзідэнта Анджэй Дэра.
Ежы Таргальскі – паважаны эксперт у галіне міжнародных адносінаў, асабліва ён цікавіцца сітуацыяй у краінах Усходняй Еўропы – Украіне, Расіі, Беларусі. Некалькі тыдняў таму Таргальскі каментаваў рост антырасійскіх настрояў у Беларусі.
- Пачынае фармавацца незалежніцкі лагер, які не будзе прарасійскім лагерам. Ціханоўская заявіла, што наконт незалежнасці і суверэнітэту не можа быць ніякага гандлю. Калі расіяне далей будуць адцягваць момант сыходу Лукашэнкі, гэта ўзмоцніць прыхільнікаў поўнай незалежнасці. І сама ідэя інтэграцыі з Расіяй страціць падтрымку ў беларусаў. Такім чынам беларусы пойдуць украінскім шляхам.
Ежы Таргальскі актыўна дзейнічаў у дэмакратычнай апазіцыі ў часы Польскай Народнай Рэспублікі, ён публікуе каментары на тэму міжнародных падзей, між іншым у выданні «Газета польская» і Тэлебачанні «Рэспубліка».
Niezalezna.pl/нг