Апазіцыя абвінавачвае ўрад у хаосе ў рэалізацыі Нацыянальнай праграмы вакцынацыі. У сваю чаргу прадстаўнікі кіроўнай партыі „Права і справадлівасць”
пераконваюць, што праграма рэалізуецца па графіку.
Марцін Кервіньскі(Marcin Kierwiński) з апазіцыйнай „Грамадзянскай платформы” кажа, што інфармацыя аб рэалізацыі праграмы вакцынацыі, якую прадстаўляе ўрад, часта хаатычная і незразумелая:
- Калі я слухаю міністра Дворчыка і іншым прадстаўнікоў ураду, то яны кожны дзень гавораць нешта іншае. Яны раз прывіваюць ад 15, пазней ад 22, а яшчэ пазней ад 29 студзеня. То яны аб’яўляюць вакцынацыю людзей, якім больш за 70 гадоў, то якім больш за 80 гадоў. Тут няма ніякай логікі, а выключна хаос і балаган.
Намеснік міністра культуры, нацыянальнай спадчыны і спорту Яраслаў Селін (Jarosław Sellin) ад ПіС падкрэсліў, што парадак прышчэпак для чарговых сацыяльных груп вядомы ўжо даўно і Нацыянальная праграма вакцынацыі праводзіцца ў адпаведнасці з гэтым графікам:
- Нулявая група, то бок людзі непасрэдна заангажаваныя ў барацьбу з COVID-19 – гэта каля мільёна чалавек. З іх ужо прывітыя 400 тысяч, а агулам жадаюць прышчапіцца каля 700 тысяч. Першая група - гэта каля 10 мільёнаў чалавек, у тым ліку 4 мільёны людзей старэйшых за 70 гадоў. Мы ад пачатку заяўлялі, што вакцынацыя будзе праходзіць пачынаючы ад найстарэйшых. І так гэта адбываецца.
З учарашняга дня на прышчэпкі падпісаліся больш за 250 тысяч людзей, якім больш за 80 гадоў. 22 студзеня пачнецца набор палякаў, якім больш за 70 гадоў. Вакцынацыя гэтых дзвюх узроставых груп пачнецца 25 студзеня. Наступныя ўзроставыя групы павінны быць прышчэпленыя на чарговых этапах Нацыянальнай праграмы вакцынацыі.
аз