Урады краінаў ЕС пачалі дыскусіі на тэму абвастрэння дыпламатычных санкцый супраць Расіі і ўвядзення новага санкцыйнага рэжыму на ўзор амерыканскага Закона Магніцкага. Пра абвастрэнне эканамічных санкцый пакуль гаворка не ідзе.
Тым часам у Еўрасаюзе чуваць галасы аб неабходнасці ўзмацнення жорсткасці таксама эканамічных санкцый супраць Расіі.
Нагадваем, учора суд у Маскве прысудзіў аднаго з лідараў расійскай апазіцыі Аляксея Навальнага да двух гадоў і васьмі месяцаў калоніі. У прыватнасці суд пастанавіў замяніць Навальнаму ўмоўны тэрмін у справе «Іў Рашэ» рэальным. Тэрмін зняволення будзе паменшаны на 10 месяцаў, якія падсудны адбыў пад хатнім арыштам.
Эксперт у галіне гандлёвай палітыкі Томаш Властоўскі(Tomasz Włostowski) лічыць, што ЕС павінен даць выразны сігнал, што апошнія падзеі будуць каштаваць Расіі дорага:
- Гаворка ідзе пра ўвядзенне эмбарга на расійскі экспарт на еўразвязаўскі рынак. Гэта значыць такія тавары, як сталь і металапрадукцыя, вугаль альбо хімічныя прадукты і ўгнаенні.
Другая катэгорыя санкцый - гэта фінансавыя абмежаванні. Гэта значыць адключэнне буйных расійскіх кампаній ад еўрапейскай фінансавай сістэмы і крэдытаў у еўрапейскіх банках, а таксама ад міжнароднай міжбанкаўскай плацежнай сістэмы SWIFT.
Нагадваем, 17 студзеня Аляксей Навальны вярнуўся ў Расію пасля лячэння з Германіі і быў затрыманы адразу на лётнішчы падчас праходжання пашпартнага кантролю.
аз