Беларуская Служба

Памёр выдатны польскі паэт, эсэіст, празаік Адам Загаеўскі

22.03.2021 16:31
Адам Загаеўскі быў лаўрэатам шматлікіх прэстыжных літаратурных прэмій.
Адам ЗагаеўскіPAP/Artur Reszko

Літаратуразнаўца Тадэвуш Левандоўскі (Tadeusz Lewandowski) падкрэслівае, што смерць Адама Загаеўскага (Adam Zagajewski) - вялікая страта для польскай і сусветнай літаратуры. Польскі паэт, эсэіст, празаік, перакладчык, уладальнік шматлікіх прэстыжных літаратурных прэмій памёр учора ўвечары ў Кракаве ва ўзросце 75 гадоў. „Творчасць Адама Загаеўскага была выключнай і высока ацэненай ва ўсім свеце”, - падкрэслівае Левандоўскі:

- Несумненна памёр нехта больш, чым паэт. Памёр чарговы інтэлектуал, які шукаў сэнсу ў поўным хаосу свеце. Багатая творчасць Адама Загаеўскага ахоплівае: 16 паэтычных зборнікаў, тры зборнікі прозы, дзесяць зборнікаў эсэ, важныя пераклады, іг.д. Творчасць Загаеўскага высока ацэньвалася ў свеце. Ён атрымаў 24 міжнародныя літаратурныя ўзнагароды , у тым ліку Нойштадскую літаратурную прэмію (Neustadt International Prize for Literature), якая лічыцца прагнозам Нобелеўскай прэміі.

Адам Загаеўскі апублікаваў, сярод іншага, тамы вершаў: „Зносіны” (1972), „Паехаць у Львоў”(1985), „Вяртанне” (2003) і „Асіметрыя” (2014). Выдаў зборнікі прозы, між іншым, „Цёпла, холадна” (1975), „Абсалютны слых” (1979). Ён быў лаўрэатам Прэміі імя Касцельскіх (1975), Прэміі астурыйскай прынцэсы (2017). Быў членам Польскага саюза пісьменнікаў і польскага ПЭН-клуба.

аз