9 красавіка, калі прайшло восем месяцаў з пачатку пратэстаў у Беларусі, у 13:00 (па польскім часе) па адрасе вул. Крынічна, 6 Беларускі дом у Варшаве прадстаўляе выставу сучасных беларускіх мастакоў і дызайнераў «Абуджэнне Беларусі», прысвечаную грамадска-палітычным падзеям, якія зараз адбываюцца ў Беларусі. Тысячы жывых і кранальных карцін, плакатаў, калажаў і твораў вулічнага мастацтва сталі не толькі адлюстраваннем беларускіх падзей, але і натхняюць беларусаў на абарону сваіх правоў, на барацьбу за праўду і справядлівасць.
На выставе будуць прадстаўлены 66 работ 14 аўтараў: Юрыя Ледзяна, Street Wind, Ганны Крук, Ганны Мурайды, 84n30, Ганны Рэдзько, Яны Выржэмкоўскай, Ліліі Квацабай, Маргарыты Ціхановіч, Максіма Осіпава, Аліны Шулхоўскай, Глеба Каштанава, Дар'і Трублінай, Пашы Цаса.
Гэтыя творы эмацыянальна адлюстроўваюць атмасферу пратэстаў, якія працягваюцца ў Беларусі з 9 жніўня 2020 г., расказваюць пра герояў і катаў беларускай рэвалюцыі, злачынствы рэжыму і высакародныя ўчынкі беларусаў, якія не баяліся і працягвалі свой бой. Некаторыя з гэтых твораў сталі легендарнымі, яны публікаваліся ў вядомых часопісах, дасылаліся ў выглядзе паштовак палітвязням, іх высвечвалі на будынках і жылых дамах, малявалі на сценах, выкарыстоўвалі ў якасці плакатаў на акцыях пратэсту і размяшчалі на магілах новых беларускіх герояў.
ав