Беларуская Служба

Урад пракансультуе з грамадствам, на што прызначыць мільярды з ЕС

28.04.2021 08:57
Гаворка ідзе пра выкарыстанне сродкаў Еўрапейскага фонду рэканструкцыі.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneHadrian/Shutterstock

Намеснік прэс-сакратара партыі «Права і справядлівасць» Радаслаў Фогель (Radosław Fogiel) паведаміў, што неўзабаве пачнецца інфармацыйная кампанія пра выкарыстанне сродкаў Еўрапейскага фонду рэканструкцыі. Яе мэта – праінфармаваць грамадзян, на што будуць прызначаныя вялізныя грашовыя сродкі, якія Польшча атрымае ад Еўрапейскага Саюза.

У эфіры Польскага радыё Радаслаў Фогель заявіў, што такая кампанія таксама пакажа, якія палітычныя партыі падтрымалі Нацыянальны план рэканструкцыі як умову прыняцця сродкаў ЕС.

- Мы гаворым пра тое, што Польшча атрымае гэтыя 770 мільярдаў злотых. На што іх выкарыстаць? На дарогі, на ацяпленне будынкаў дзіцячых садкоў, на службу аховы здароўя, на электрычныя аўтобусы? Мы хочам, каб грамадства ведала, хто з народных прадстаўнікоў у Сейме прымае адпаведныя рашэнні.

Учора кіроўная партыя дасягнула дамоўленасці з парламенцкім клубам Левых сілаў, які адзіны ўнёс прапановы ў Нацыянальны план рэканструкцыі. Толькі левыя выказалі гатовасць абмеркаваць размеркаванне сродкаў ЕС. Падчас учорашніх перамоваў была дасягнутая дамоўленасць аб выдзяленні сродкаў з Еўрапейскага фонду рэканструкцыі, у прыватнасці, на дапамогу раённым бальніцам, на будаўніцтву кватэр пад арэнду, а таксама аб перадачы часткі сродкаў мясцовым органам улады.

План расходаў павінен быць падрыхтаваны кожнай дзяржавай-членам і прадстаўлены ў Еўрапейскую камісію да канца красавіка.

ІАР ПР/нг